Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 49
Юры Станкевіч
Кадравы афіцэр лейтэнант Андрэй Дзямідчык бачыў, што з ім нешта не тое. Аднойчы, рызыкуючы сваім службовым становішчам, ён даў яму адпачыць: быццам забраў з сабой на выкананне нарада, а на самай справе даў яму шынель і паказаў на тапчан у дальняй капцёрцы: паспі. Мазур здолеў правесці некалькі гадзін у адзіноце: проста драмаў ці ляжаў у цішыні і ні пра што не думаў.
Але не думаць аб адным — тым, што найбольш непакоіла яго, — не выпадала. Урэшце ён прыйшоў да высновы: альбо дацерпіць да канца збораў і адразу паедзе ў Талін, альбо, калі гэта будзе немагчыма па нейкіх прычынах — скончыць з усім у чарговым каравуле.
Толькі вось непакоіла думка, што нядобра будзе так сур’ёзна падстаўляць узводнага. Лейтэнант Андрэй Дзямідчык чымсьці яму падабаўся, хоць, як ён са спагадай разумеў, той наўрад ці здолее неяк прасунуцца па службовай лесвіцы.
Так прайшлі некалькі дзён. Пра сход роты, на якім было вырашана абмяркоўваць лёс Ігната Мазура, чамусьці пакуль не ўспаміналі. У вайсковых часцях спешна пачалі рыхтавацца да манеўраў пад кодавай назвай «Беразіна», загадалі таксама падключыць да тых манеўраў і студэнтаў, якія праходзілі зборы.
…Неяк узводны лейтэнант Дзямідчык, бачачы, што Ігнат Мазур нібы сам не свой, сказаў ротнаму Угараву, што хоча пакараць парушальніка дысцыпліны і скіраваць таго скасіць на палігоне траву. Ротны даў дазвол. Узводны ж, як адышліся з пляца, дастаў з кішэні ключ і працягнуў Ігнату.
— Гэта ад майго пакойчыка ў нашым інтэрнаце для афіцэраў, — сказаў ён. — Знойдзеш. Табе ўсё ж варта добра адпачыць. Бачу, што ты на мяжы. А я ад’едуся на дзень у вёску да сваіх бацькоў. Тут недалёка. Так што давай, студэнт.
Імжыла. Паўночны вецер павольна гнаў па небе сіне-шэрыя хмары. Чарада падужэлых маладых шпакоў вялізным чорным ценем прашамацела крыламі над яго галавой і знікла. Птушкі рыхтаваліся ў вырай.
Студэнт Ігнат Мазур расціснуў далонь. Ключ з біркай — нумар пакойчыка, дзе часова пражываў узводны, быў цяпер яму як нейкі талісман, знакам дабра і ўдачы.
Ён рушыў далей, але ўжо праз некалькі крокаў яго пераняў пасыльны з кантрольна-прапускнога пункта, радавы тэрміновай службы.
— Ты з другой роты? — спытаў ён.
— З другой.
— А Мазура ведаеш?
— Гэта быццам я, — сказаў Ігнат Мазур.
— А, ну дык да цябе дзяўчына прыехала. У адведкі, кажа. Ідзі, забірай.
Студэнт Ігнат Мазур спыніўся. Тое, што да іншых з іх прыязджалі сваякі, бацькі альбо дзяўчаты, не было дзіўным. Такое дазвалялася. Ён жа нікога не чакаў.
Але раптам успомніў пра ліст Ані Балтас, і з палёгкай уздыхнуў: прыехала, — ну, можа, гэта і добра.
Ён павярнуў на шляху. Ісці было недалёка. Шырокая ўтаптаная сцежка напрамую вяла да КаПэПэ. Ігнат ішоў туды.
Неўзабаве ён убачыў знаёмую чырвона-зялёную браму, дзверы і як з гэтых дзвярэй насустрач яму бегла дзяўчына.
Ён спыніўся на міг, ашаломлены, а потым кінуўся насустрач.