Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 46

Юры Станкевіч

Але пакуль тое — у інтэрнат. Пазычыць у каго грошай на спадарожную. Да Бабруйска. Урэшце ў яго самога на руцэ неблагі гадзіннік, за які можна праехаць і тысячу кіламетраў.

* * *

У інтэрнацкім пакоі нікога не аказалася, але адзін з ложкаў быў расцелены. Яго некалькі тыдняў таму заняў другакурснік, падселены ім камендантам інтэрната Грукам. Хлопец то з’яўляўся, то знікаў — тлумачыў тым, што часта ездзіць да бацькоў, якія жывуць у пасёлку ў Мінскім раёне, і куды ходзіць аўтобус.

Студэнт Ігнат Мазур скінуў пінжак, чаравікі і паваліўся на свой ложак. Стомленасць абрынулася на яго раптоўна, і ён заснуў, але праз якую гадзіну абудзіўся ў трывозе. Варта было тэрмінова збірацца і дабірацца на спадарожных да вайсковага лагера, але ён немаведама чаму працягваў ляжаць. Раптам адчай ахапіў яго.

Ігнат Мазур зноў уявіў, як раніцай наступнага дня, калі пасля рэстарана ён ужо сядзеў у міліцыі, Святлана Конкіна дарэмна чакала яго, і ён не з’явіўся, зноў успомніў пра іх дамову, і аж застагнаў ад роспачы.

Думкі ліхаманкава варушыліся ў яго галаве. Плюнуць на зборы і паехаць зараз у Талін? А грошы? Пярсцёнак далёка адсюль, дома. І каб заняцца гэтым — трэба час. Прасцей усё-такі з’явіцца на зборы, як раіў яму выкладчык Пятро Мацкевіч, а потым і вырашыць усё астатняе.

«Тэлефон, — раптам успомніў ён, — у гаспадыні, дзе кватаравала Святлана, ёсць хатні тэлефон, нумар якога ён добра памятаў. А раптам дзяўчына засталася тут па невядомай яму прычыне?»

Студэнт Ігнат Мазур падхапіўся з ложка, таропка насунуў чаравікі і спусціўся да вахты.

Слухаўку зняла гаспадыня.

— Скажыце, ці дома Святлана? — спытаў ён і сцяўся ў чаканні.

Паўза.

— Святлана тут больш не жыве, — урэшце пачуў ён у адказ.

— А яна не казала, куды з’ехала?

— Яна нічога не казала, але за ёй прыехалі яе бацькі — так яны прадставіліся, і сказалі, што яна вяртаецца ў Талін. Быццам назаўсёды. Дарэчы, яна не хацела ехаць, усё кудысьці бегала. І гэта ўсё, што магу сказаць.

У слухаўцы шчоўкнула і сувязь перапынілася.

Студэнт Ігнат Мазур зноў вярнуўся ў інтэрнат. Якраз прыйшоў чацвёрты жыхар іх пакоя, той самы другакурснік, якога падсялілі параўнальна нядаўна: рахманы юнак з вёскі, маўклівы і непрыкметны з выгляду. Звалі яго Фёдар Піскун.

— Паслухай, Фёдар, мяне днямі ніхто не шукаў? — пацікавіўся Ігнат Мазур.

— Пыталася дзяўчына. Два дні таму.

— Што за дзяўчына? Як выглядала? Яна назвала сябе?

— Так. Высокая бландзінка. Прыгожая. Аняй зваць.

Паўза.

— А ты, што ёй адказаў? — дапытваўся Ігнат Мазур.

— Сказаў, што на зборах.

— Тут такая справа, Фёдар — мне трэба ў вайсковую часць. Але я, ды доўга тлумачыць, — вось швейцарскі трафейны гадзіннік, дзядзька калісьці з вайны прывёз. Я табе яго пакіну ў заклад, а ты мне на спадарожную рублёў пяць пазыч. Згода?

— Не трэба закладаў. Я і так пазычу.

Студэнт Піскун выцягнуў з кішэні партманет і адлічыў грошы.