Читать «Ксю» онлайн - страница 20
Андрэй Федарэнка
— Аляксей, у нас мала часу! Пятнаццаць год назад не была сястрою, калі ты ціскаў мяне ў сябе на каленях.
— Малады быў, п’яны… Кроў гарачая, дурная…
Яна выпусціла яго руку.
— Вось як? І… толькі?!
Нарэшце да яе пачало даходзіць, што ролі памяняліся: цяпер ужо яна ініцыятарка, а ён як бы зусім не свеціцца ад шчасця. Відаць, яна нават думкі не дапускала, што ён можа не кахаць, не хацець яе.
Яна выглядала няшчаснай, мілай, разгубленай і бездапаможнай.
— Але… ты не можаш адмовіцца. Жанчыны так могуць рабіць, але не мужчыны! Ты… зусім не хочаш мяне? Табе дарагая лыжка толькі ў абед? Гэта помста мне? Ты, як дзіця, адчуваеш нейкую насалоду ад таго, што цябе пакрыўдзілі, «не далі» табе? Не разумею! Забі — не разумею, як здаровы нармальны мужчына можа не скарыстацца такім шанцам!
Ён слухаў, глядзеў ёй у вішнёвыя вочы і маўчаў, бачачы, ведаючы, што не зможа ёй нічога растлумачыць. Усё, што магло паміж імі адбыцца, ужо адбылося, і не трэба спрабаваць перайначваць жыццё — можна толькі змірыцца і прызнаць, што яго Ксю, яго дзяўчынка з белымі трусікамі засталася там, у далёкім леце; што гэтыя бясконца доўгія гады, ды яшчэ памножаныя на адзіноту, зрабілі сваю справу — зрабілі тое, што яго нерэальная, выдуманая Ксю на самой справе стала для яго нечым большым нават за сяброўку, бліжэй, чым родная сястра.
А жанчына, якая цяпер стаіць перад ім, дарослая, самастойная, са сваім «Лексусам», псіхалогіяй, мужам, дзецьмі, кватэраю — чужая яму.
І гэтую двухсэнсоўнасць, гэтае раздваенне, нават растраенне: у адным целе — каханая дзяўчынка, любімая сястра і чужая жанчына — ён ні за што не зможа прымірыць, спалучыць, зліць у адно — хоць на сцяну залезь, хоць лоб разбі.
— А хочаш, я скажу, што з табой адбываецца? Як псіхолаг?
Нечакана халодныя, насмешлівыя, жорсткія ноткі з’явіліся ў яе голасе. Усю прыкрасць, самалюбства пакрыўджанай, адрынутай жанчыны яна ўкладвала ў іх.
— Ты жывеш сваімі ўспамінамі, песціш іх, калоцішся над імі, яны табе даражэй за жывое, яны памагаюць табе паважаць самога сябе. Адбяры іх у цябе — ты загінеш! А тут я — замахваюся на святое! Прапаноўваю ўласнымі рукамі задушыць, знішчыць тое, што адно памагае жыць, з чым так прыемна насіцца! Так?
Ён маўчаў.
— Добра… Што гэта я на самой справе. Як насланнё нейкае, — яна правяла па вачах рукою, нібы стараючыся скінуць нябачныя павуцінкі гэтага наслання. — Калі так табе лягчэй…
Пазбягаючы глядзець на яе, ён узяў свой пакет са стартэрам, патаптаўся, што азначала: ісці трэба… электрычка хутка.
— Ідзі, — сказала яна. — Не, пачакай, — пакорпалася ў сумачцы. — На, вось візітоўка. На ўсялякі выпадак. Пішы, звані. Мала што. Можа, яшчэ сустрэнемся…
— Кавы пап’ем? — пажартаваў ён.
І хоць выйшла недарэчна, яна ўсміхнулася, праўда, не зусім весела, хутчэй неяк безнадзейна.
Праз дзесяць хвілін зялёны аўтобус-«сотка» вёз Аляксея Дарафея па шырокім праспекце, абсаджаным з двух бакоў каштанамі, з прыгожымі будынкамі справа і злева. І чым бліжэй да вакзала, тым больш, здавалася, шырэў праспект; вышэйшымі станавіліся каштаны, прыгажэйшымі — будынкі, святлейшымі — думкі.