Читать «Брамнік заўжды самотны» онлайн - страница 4
Юры Станкевіч
Стадыён зашумеў, узарваўся.
— Так! — закрычаў і ён разам з ім, і радасць выбухнула ў ім, і, высока падскочыўшы, ён секануў рукой паветра. — Так! Я ўзяў пенальці! Так! Выцягнуў з самага вугла!
Упэўненасць спакваля авалодвала ім. І хоць пачуццё самоты засталося, амаль што знікла боязь прапусціць недарэчны гол, якога так прагнуў цяпер увесь саракатысячны натоўп тутэйшых заўзятараў, ды яшчэ ў сто раз большая іх колькасць перад экранамі тэлевізараў. І не меншая колькасць прыхільнікаў яго каманды там, на радзіме, спадзявалася зараз на яго спрыт і ўменне валодаць сабой і сітуацыяй, і, адпаведна, спадзявалася, што ён не прапусціць гол.
Валодаць сабой — вось за што ён увесь час змагаўся. Максім часам небеспадстаўна лічыў, што з нараджэння надзелены хоць і ў малой ступені зародкамі аўтызму, гэтай хваробай стагоддзя, пра якую раней амаль нічога не ведалі, але цяпер, дзякуючы распрацоўкам вядомых псіхааналітыкаў, азнаёміліся многія. І ён раз за разам перасільваў у сабе падсвядомае жаданне схавацца, зрабіцца непрыкметным, незаўважным ад усіх. Тым больш у такія адказныя моманты, як гэтая лёсавызначальная для іх усіх гульня.
Між тым гульня набывала своеасаблівую ўнутраную напружанасць. У гаспадароў пляцоўкі не атрымаўся «хуткі» гол, якога пэўна дабіваўся на ўстаноўцы перадусім іх трэнер, і каманда па ходзе матча змяняла рытм. Барацьба ў асноўным цяпер ішла ў цэнтры поля, дзе асноўная нагрузка прыходзілася на паўабаронцаў. Тут ужо амаль усё вырашала тэхніка прыёму і адпасоўкі мяча ў адзіны рух, пра што ім бесперапынку даводзіў патрабавальны Палыч, і што яны штодня адпрацоўвалі на трэніроўках.
Хвілін за пятнаццаць да перапынку ён ужо двойчы выходзіў на перахват пры падачы корнераў і абодва разы паспяхова. Але расслабляцца не выпадала. Метрах у дваццаці ад яго штрафной пляцоўкі абаронца Віталь Шаўцоў (гэх, Віталь, Віталь!) неабдумана «заваліў» форварда сапернікаў, вопытнага і хітрага і, як ён ведаў, схільнага да сімуляцыі Анры Базэна. Штрафны. І вельмі небяспечны за нападзенне на іграка ў атацы. У дадатак, як і чакалася, Стайлз палез у кішеню і выцягнуў «гарчычнік».
Максім захваляваўся, паказаў абаронцам, каб правільна і хутчэй паставілі сценку, сачыў за тым, што адбывалася ля мяча. Намер біць выказалі двое, яшчэ адзін адцягнуўся крыху назад. Хутчэй за ўсё ён будзе біць верхам і пад распасоўку. Найграная камбінацыя. Стайлз адступіў у бок і свіснуў.
Мяч, хітра закручаны «шчоткай», імкліва вылецеў з-пад удару і пайшоў па крывой у левы верхні вугал варот. І цела яго па загадзе нервовых клетак, якія імгненна аддалі каманду мышцам, ірванулася ў той самы левы верхні, туды, у «дзявятку».
У скачку ён адчуў, як пальцы рукі ў пальчатцы сутыкнуліся з мячом, і той пайшоў уверх, за перакладзіну, на вуглавы.
Сэйв!
Стадыён расчаравана зашумеў.
II
Пяццю гадамі раней
Спякотным летнім вечарам, а ў наваколлі стаяла ўстойлівая гарачыня, у кватэры дырэктара і адначасова трэнера абласной дзіцячай футбольнай школы Міхаіла Катовіча прагучаў званок. Катовіч зняў слухаўку. Званіў дзіцячы трэнер з раённай спартшколы, яго даўні знаёмы Пётр Сманцар.