Читать «Брамнік заўжды самотны» онлайн - страница 2
Юры Станкевіч
Замена. І калі ўжо выбягаў, нацягваючы пальчаткі, да сваёй штрафной, пачуў услед: «Пацярпі да перапынку, не прапусці».
Пакуль бег, падумаў, што вось ён, галкіпер з дубля, якога, лічы, выпадкова павезлі за іх каманду — «Рэйду» на адну шаснаццатую Лігі Еўропы, нечакана (верагодна толькі на гэты матч) будзе стаяць за «аснову». І ўсё з-за таго, што атрымаў траўму другі варатар, а цяпер, выцякае — і першы, Румаш. Менавіта яму цяпер давядзецца выцягнуць за ўсіх увесь цяжар, і на які момант жахнуўся, але думаць ужо не было ні часу, ні магчымасці, тым больш — баяцца. Толькі прыгадалася: а як зрабіў бы на яго месцы вялікі Луіс Чылаверт, яго кумір?
А вось і яго «гаспадарка». Вароты, як і паўсюдна, памерам сем трыццаць два на два сорак чатыры метра, ды штрафная перад імі. Ды яшчэ мяч. Ён выбіў яго далёка наперад — няхай адчуюць яго ўпэўненасць. Стадыён загудзеў. Увогуле цяперашняя гульня — па сутнасці, суцэльны для гаспадароў гандыкап. Каб выйсці ў чарговы раўнд, яго камандзе трэба альбо нічыя з нулявым вышкам (і тое, у залежнасці ад таго, як згуляюць у групе), альбо перамога. Але, па настроі, па ўнутранай перакананасці (а ён адчуваў яе), гатоўнасці, імпэту да перамогі — не было. Не «каціў» у іх тэму і так званы «аўтобус» — звышабаронная тактыка. Каб стварыць сапраўдны «бетон» у абароне, рэальных сіл не хапала. І спадзявацца ім заставалася хіба толькі на ўдачу.
Хаду матча ён прадбачліва чытаў. Гульню «Ліона» вёў іх плэймейкер Бурэ — паходжаннем з Метраполіі, белы, вопытны распасоўшчык і дырыжор. Крайнія нападаючыя, часта мяняючыся месцамі, раз-пораз разрывалі абарону. Урэшце, адзін з гэтых «аўтсайдаў», Фаркон, выскачыў на ўдар, і ён толькі на ўзроўні падсвядомасці выцягнуўся ў струну і адбіў мяч кончыкамі пальцаў. Стадыён расчаравана выбухнуў тысячамі галасоў. «Сэйв! — пранеслася ў галаве. — Выдатны сэйв!» — і, падымаючыся, убачыў краем вока, як «коўч» Палыч далёка за броўкай ускочыў з лаўкі і ўскінуў угору вялікі палец. Толькі цяпер ён унутрана супакоіўся. Гэты ўдалы сэйв надаў яму ўпэўненасці. Ён стаў адрозніваць ігракоў з каманды сапернікаў, успамінаў урыўкамі іх характарыстыкі з прагляду фрагментаў гульняў, з перадматчавай разборкі, якой так усякі раз надаваў значэнне Палыч. Толькі б не «праваліліся» абаронцы, — мільгала ў яго галаве. Вытрымаць і не прапусціць. Да перапынку, між тым, яшчэ заставалася хвілін трыццаць.
Але ўжо праз хвіліну іх «вінгер» — ігрок, які любіць прарывацца да чужых варот па броўцы, падманным фінтом праскочыў абаронцу Жалкевіча (гэх, Жэня, Жэня!) і зрабіў хітрую і дакладную перадачу, якой і пачалася знакамітая чатыроххадовая камбінацыя — нібы з вучэбнага фільма, і замкнуць яе ўжо набягаў усюдыісны Бурэ.
— Я! — закрычаў тады ён, як звычайна крычаць галкіперы, калі бяруць на сябе адказнасць за небяспечны эпізод, і рвануўся таму насустрач, па магчымасці закрываючы целам сектар варот. Але ўсё той жа Жэня Жалкевіч, тупа раззлаваны і ўзбуджаны сваім папярэднім пралікам, літаральна скасіў Бурэ проста ў пачатку штрафной. Тут як тут бег ужо да іх рэферы Стайлз са сваёй знакамітай з’едлівай усмешкай на твары.