Читать «Брамнік заўжды самотны» онлайн - страница 12
Юры Станкевіч
— Заб’ю! — зароў між тым доўгавалосы, кінуўся да свайго століка, ухапіў пустую бутэльку, разбіў аб край і ўтрымліваючы за рыльца так званую «ружачку», марудна пайшоў назад, да яго.
— Сцеражыся, Максім! — пачуў ён усхваляваны крык Юлі.
— А як адзін на адзін? Слабо? — гучна спытаў ён доўгавалосага. Адразу ўсе спыніліся. Чакалі.
— Тым горш табе! — рынуў на яго той.
Максім паспеў адскочыць у бок, падхапіў з падлогі крэсла і з размаху абрынуў на галаву доўгавалосага. Той пахіснуўся, рука з разбітай бутэлькай апусцілася, марудна асеў на падлогу.
Праз некалькі хвілін бойку спынілі міліцыянты. Гарадскі аддзел быў амаль побач. Апыталі афіцыянтку. Усіх удзельнікаў адвялі ў пастарунак. П’яных задзірак зачынілі ў «малпачнік», а Юлю з Максімам, як непаўнагадовых, праз нейкі час адпусцілі дамоў.
Максім правёў дзяўчыну да пад’езда, хацеў адразу пайсці да цёткі, але Юля павяла яго з сабой.
— Што здарылася? — убачыўшы Максімаў твар з набухлым вокам, устрывожана запыталася Юліна маці. Выйшаў са свайго пакойчыка і Кірыл.
— Няслаба падмаладзілі, — адно пракаментаваў ён.
Максіму зрабілі халодны кампрэс. Ён пасядзеў крыху і хутка развітаўся.
Начаваць ён пайшоў да цёткі. Пабачыўшы яго твар, цётка Люба ахнула і замітусілася: прапанавала нейкія лекі, знайшла і прыклала да вока бадзягу, каб хутчэй сышла гематома.
— А галава не баліць? Можа, да лекара варта звярнуцца?
Максім, як мог, супакоіў жанчыну. Давялося коратка расказаць ёй пра тое, што з ім здарылася.
— Ну, няхай, — урэшце згадзілася тая. — Такая ўжо ваша мужчынская доля: бараніць свой дом, жанчыну, сям’ю.
Раніцай Максім сабраўся, пацалаваў цётку Любу і заспяшаўся на аўтавакзал.
Праз тыдзень ён ужо ўладкаваўся на новым месцы, у інтэрнаце спартыўнага профілю. Пачалося новае жыццё. Многае ў ім яму спадабалася: цікавыя, прафесійныя трэніроўкі, жорсткі распарадак дня, зусім па-іншаму, больш цікава і мэтаскіравана праходзілі і заняткі ў школе.
Усё радзей і радзей даводзілася сустракацца з Юляй. На гэта ён звычайна скарыстоўваў напоўніцу адзіны выхадны дзень. Аднойчы дзяўчына сама прыехала да яго. Максім паказаў ёй інтэрнат, месца, дзе жыў, стадыён. На развітанне Юля моцна пацалавала яго і адразу заспяшалася на аўтобус.
Неасэнсаваная трывога і сум пасяліліся ў Максімавай душы. І зноў усё часцей яго ахоплівала пачуццё адзіноты. Прадчуваў, што наперадзе чакаюць вялікія, але пакуль яшчэ не зусім для яго акрэсленыя змены.
V
«Гранд-стадыён». Францыя. Ліон
Перапынак Палыч выкарыстаў творча і ад пачатку да канца. Намаляваў на планшэце некалькі імклівых схем з камбінацыямі, заклікаў не аддаваць сярэдзіны поля, ні ў якім разе не «правальвацца» ў абароне, як здарылася ў першым тайме, і лавіць саперніка на контратацы. Так — яны на чужой «паляне», але вырваць перамогу, і тым больш нічыю, цалкам рэальна. Мы чаго сюды ехалі — апынуцца ў якасці «дрэў»? І ўжо на выхадзе спытаў Максіма: