Читать «Брамнік заўжды самотны» онлайн - страница 10
Юры Станкевіч
Некалькі раз Максім заходзіў да дзяўчыны на кватэру. Не ў параўнанне, яе бацькі былі заможнымі і ўсяляк песцілі дачку. Юлін брат — Кірыл заканчваў школу і хацеў паступіць у прэстыжны прыватны сталічны інстытут. Было ў яго, як ведаў Максім, і тайнае захапленне: ён іграў на гітары, няблага спяваў і сачыняў музыку. Зухаваты, са срэбранай завушніцай, моднай прычоскай і апрануты на поўны прыкід, ён выклікаў у Максіма дваістае пачуццё: з аднаго боку — павагу да творчай, як ён лічыў, рысы ў таго ў характары, а з другога — прыхаваны недавер да яго здольнасцей. Спяваў Кірыл то па-англійску, то па-руску, і неяк, на яго думку, з чужых галасоў. І тэксты песень былі, на яго погляд, слабаватыя. Папса. «Ты б на роднай мове паспрабаваў», — параіў ён яму аднойчы, але Кірыл зняважліва адмахнуўся: «Несучасна, зараз усе па-англійску бацаюць».
* * *
…Максімаў бацька сядзеў за бутэлькай піва, быў не ў гуморы. Маці яшчэ не прыйшла з работы.
— Ты б не паліў у хаце, — зрабіў заўвагу Максім.
У адказ бацька ўзняўся з зэдліка і адчыніў фортку. Хлопец заўважыў раптам, што той ужо на галаву ніжэйшы за яго.
— Чаму не на працы? — з’едліва пацікавіўся Максім.
— Не падышла, значыць. Шукаю лепшую.
— Маці пашкадуй.
— Уладкуюся. Абяцалі на днях. Паеш, там маці табе пакінула тое-сёе. Сам і разагрэй.
Максім хацеў расказаць яму пра размову з трэнерам, пра інтэрнат, але чамусьці перадумаў, вырашыў адкласці да вечара, калі прыйдзе маці.
Трэніроўка патрабавала адпачынку, але жаданне пабачыць Юлю было мацнейшае. Хлопец зайшоў да сябе ў пакойчык, пераапрануўся і выцягнуў з паліцы кніжку, між старонкамі якой ляжалі грошы, якія яму ахвяравала цётка.
Палавіны грошай… не хапала. З хвіліну ён шукаў іх, але дарэмна. Урэшце, усё было і так зразумела: піва на стале, пад ім — пустая бутэлька з-пад гарэлкі. Ад крыўды перахапіла дыханне.
— Грошы браў? — спытаў ён у бацькі, ледзь стрымліваючыся.
— Пазычыў крыху, — не стаў той адмаўляцца. — На днях вярну, не сумнявайся.
Максім моўчкі агледзеў яго постаць, пакамечаную вопратку, непаголены твар, і, праглынуўшы камяк у горле, выскачыў за дзверы. «У інтэрнат, — вырашыў канчаткова. — І неадкладна».
* * *
У памяшканні было няшмат наведвальнікаў, хіба што за здвоеным сталом у куце ўладкавалася шумная кампанія моладзі. Былі сярод іх і дзяўчаты. З музычнага аўтамата звыкла гучала надакучлівая расійская папса.
— У мяне навіна, — адразу пачаў Максім. Ён вырашыў не адкладваць размову на потым. — Палавіна яе — добрая, другая — дрэнная. З якой пачынаць?