Читать «Луп» онлайн - страница 7

Юры Станкевіч

Але настаўнік Тамковіч не меў аўтарытэту ў большасці вяскоўцаў, бо ён быў не тутэйшы, не хацеў жаніцца і заводзіць гаспадарку і жыў, на іх погляд, абы-як. Тым не менш Карнюшку трэба было нешта вырашыць. Вось тады і паспела ў яго думка прадаць Лупа на рынку, як звычайнага сабаку.

10 гадзін

Пакрысе вакол Лупа і яго гаспадара сабраўся натоўп. Чутка аб тым, што прадаюць жывога ваўка, абляцела рынак.

Луп па-ранейшаму стаяў спінай да сцяны. Ён не збіраўся класціся на зямлю, нібы сабака, хоць і стаміўся. Яшчэ ніколі ў сваім жыцці ён не бачыў столькі жывых істот. Ён быў чужынцам і тут, на рынку. Людзі тыцкалі ў яго пальцамі, а сабакі аж заходзіліся ў брэху, вядома, на бяспечнай ад яго адлегласці. Але Луп ненавідзеў і пагарджаў імі, як пагарджаюць тымі, хто значна ніжэйшы за цябе.

Вясковыя сабакі надакучвалі яму і раней. Яны вольна бегалі за плотам, брахалі, пачуўшы яго, але болей па звычцы; пакідаючы меткі, з нахабнай знявагай пырскалі на плот мачой і ўрэшце знікалі. З часам Луп навучыўся не звяртаць на іх увагі. І зараз любога з іх, калі б выпала, ён разарваў бы на кавалкі, нават вялікага і дужага. Як знішчыў ён аднойчы Рэкса.

Луп, вядома, не мог ведаць, што блатнаваты суседскі хлопец Віталь, уладальнік Рэкса, уплываў на Лявона, які вучыўся ўжо ў прафтэхвучылішчы і якраз прыехаў на канікулы; што гэты Віталь іншы раз біў Лявона проста так, каб баяўся, а потым зноў набліжаў да сябе — прыручаў. Тады яны якраз хадзілі разам і Віталю карцела ведаць, хто мацнейшы: аўчарка ці воўк? Яны выбралі час, калі Карнюшка з жонкай пайшлі з дому, і нацкавалі іх.

Рэкс быў рослы і смелы сабака, мацнейшы за ваўка. Яго не забываліся карміць штодзень і не раз, і да таго ж ён быў старэйшы ледзь не на два гады і больш вопытны, таму што на ланцугу яго трымалі мала. Ён шмат вандраваў ля вёскі, асабліва летам. Усе навакольныя сабакі баяліся яго.

Пачуўшы ваўка, чатырохгадовы Рэкс пачаў ірваць павадок, сіпеў і гірчэў — імкнуўся ў бойку. Лявон так і не рашыўся зняць з яго, Лупа, ланцуг, на што ён вельмі спадзяваўся. Таму ён адразу і апынуўся ў небяспецы, калі ў загарадку з рыканнем уляцеў Рэкс, якога Віталь наўмысна спусціў з павадка. Ланцуг блытаўся між лап і абмяжоўваў манеўр. Але ж калі Рэкса і магчыма было чым-небудзь спужаць ці прымусіць адступіць, то яго, Лупа, — не, бо ён не ведаў страху, нават перад людзьмі, бо і яны былі для яго ў чымсьці разгаданымі, а значыць, зусім не страшнымі істотамі.

Яны схапіліся грудзі ў грудзі і пакаціліся па зямлі. Рэкс добра пад’еў раніцай, быў увогуле цяжэйшы, таму праз якую хвіліну паваліў яго, пракусіў лапатку і падбіраўся ўжо да горла, але ў абодвух яно было абаронена аброжкамі, што не давала ніводнаму з іх хуткай перамогі. Мо тады, пад сабакам, які люта гірчэў над ім, ён раптам упершыню адчуў свае адзіноцтва і безабароннасць у гэтым назаўсёды варожым яму свеце, але адчуванне было імгненнае і хуткаплыннае, як маланка. Ён тады зразумеў — такі яго лёс і доўга біцца яму не выпадае: Рэкс перагрызе яму жылы на лапах ці дабярэцца да жывата і — канец. Лютасць перапаўняла абодвух, бо сутыкнуліся прадстаўнікі смяротна варожых відаў. Ашаломленыя хлопцы нібы спруцянелі, назіраючы за бойкай.