Читать «Луп» онлайн - страница 6

Юры Станкевіч

У клубе праходзіў справаздачны сход, а пасля выступалі мясцовыя музыкі і спевакі. Карнюшка збіраўся дадому, калі пачуў раптам дзіўныя гукі. У зале таксама пачулі і пачалі перашэптвацца.

Пакуль іграў самадзейны аркестрык, Луп моўчкі ўслухоўваўся ў ледзь чутную мелодыю, а калі музыкі зрабілі перапынак і нехта расцягнуў гармонік, не вытрымаў. Ён нібы кідаў выклік, распавядаў сваю самоту маўкліваму небу ў россыпе зорак, далёкаму лесу і поўні, якая раптоўна выбегла з-за пуні і вісела ў цёмнай халоднай пустэчы.

— Г-у-у-оў-у-у-у-у!

Раптам узнялося над вёскай, над асмужанымі паплавамі і рэчкай выццё, адгукнулася рэхам у далёкім лесе.

Адразу сціхлі, перасталі гаманіць людзі ў клубе, чамусьці ўсім стала вусцішна. Музыкі, а следам і гледачы пацягнуліся да выхаду. У хатах старыя перажагналіся, а немаўляты прачнуліся і пачалі енчыць і плакаць.

— Што здарылася?

— Карнюшкаў воўк вые.

— А я ваўкоў і не чуў ніколі!

— Малады, таму і не чуў. І не дай бог чуць.

— О-у-у-у-у-у-у-у-у-у!

Луп цягнуў спачатку хрыпла і няўпэўнена, але потым адолеў адну даўгую і чыстую ноту, і голас яго ўзнімаўся ў вышыню і, здаецца, рассякаў халоднае восеньскае паветра.

Карнюшка ўспомніў, як ён прыбег раззлаваны дадому, і не стрываў — хвастануў ваўка палкай, але Луп таргануў пашчэнкамі, і палка з храбусценнем пераламалася. Яму стала ніякавата, нават страшна, і ён задумаўся: а што рабіць з ваўком далей? Забіць і здаць шкуру ў райзаг? Але там, пэўна, таксама чыталі газеты і бачылі здымак. Што яны скажуць? Бадай, і грошай не выплацяць, — меркаваў ён. — Знойдуць прычыну, ім жа абы не заплаціць. Пачнуць круціць: маўляў, воўк, нібы сабака, сядзіць на ланцугу, ручны, дык, пэўна, ужо і не воўк. Ім закон — сваяк, а мне — чужынец. Злупіць шкуру на шапку таксама няёмка, бо суседзі пачнуць кпіць. Пачнецца такая плявузгота…

Ноччу Луп зноў выў, але Карнюшка ўжо не стаў паднімацца з ложка — чорт з імі з усімі. Ён слухаў, як злосна мармытала нешта жонка, глядзеў, як хмары ў акне то засланялі месяц, то ён зноў вісеў у небе, як цені ад дрэва варушыліся па сцяне, і ўсё гэта пад ваўчынае выццё, ад якога беглі па скуры мурашкі і хацелася стаць зусім малым і непрыкметным і закапацца ў якую нару.

З раніцы вёска падзялілася на два лагеры. Людзі сталага ўзросту патрабавалі ад Карнюшкі зрабіць што хоча, але каб больш выцця па начах не было. Другі, меншы, лагер аб’яднаў маладых дзяўчат і хлопцаў на чале з мясцовым настаўнікам Тамковічам. Яны пачалі абараняць Лупа — дзе яшчэ пачуеш такое дзіва? Толькі ў іхняй вёсцы. Настаўнік Тамковіч, які выкладаў у школе біялогію і якога ў вёсцы лічылі злёгку прыдуркаватым, гаварыў, на думку старых, зусім недарэчнае. Быццам мы ўсе страцілі пачуццё супольнасці з Прыродай, а ваўчынае выццё нібы зноў вяртае нас да тых далёкіх часоў, калі чалавек быў сам-насам з вечнасцю. Свае думкі ён абгрунтоўваў тым, што, маўляў, у Канадзе, а там жыў яго сваяк, які зрэдку слаў яму пісьмы, турысты прапануюць добрыя грошы, каб іх звазілі ў тундру, дзе яны ноччу слухаюць ваўкоў, якія блукаюць непадалёку ад іх вогнішчаў, і што за мяжой нават выдаецца часопіс, які так і называецца — «Выццё».