Читать «Луп» онлайн - страница 2
Юры Станкевіч
— Затое я там галоўны мастак-афарміцель.
— А ў вас ёсць і негалоўныя мастакі? — нязлосна спытала жонка. — Ці доўга і там утрымаешся? Учора ж стагнаў цэлы вечар, што дырэктар прасіў жончын партрэт намаляваць, а ты нуль увагі — за нацюрморты ўзяўся. Яшчэ здзіўляешся пасля таго, што ён глядзіць на цябе, як…
— Як бык на новае шула, — падказаў Мастак. Ён павярнуўся і абвёў рукой сцены, на якіх шчыльна віселі карціны.
— Дырэктар? Што ён такое? Бачыла б ты яго пошлы твар. Затое глядзі сюды. Мае карціны — маё багацце. Калі я памру, ты не прападзеш. Вось.
Жанчына пастукала пальцамі ад сурокаў па самаробным стале са скрыняў.
— Не трэба так жартаваць. Які ты неспакойны. Заўчора зноў піў віно, спрачаўся з сябрамі.
— Угхм… — вінавата ўздыхнуў Мастак.
Яна ўталопілася ў буянства фарбаў на сценах.
— Вы адзін аднаго не разумееце, а ты скардзішся, што не запрашаюць на афіцыйную выстаўку… І дзе ты бачыў такія істоты, такіх жывёл? Такіх не існуе. Фантастыка.
— Памыляешся, — вяла адказаў ён. — У Анры Русо, напрыклад. А ён ніякіх істот не бачыў, акрамя як на сваёй мытні. І ўвогуле, хто ведае, што там, па-за намі?
Мастак зноў уздыхнуў, сеў на зэдлік (мэблю яны яшчэ не набылі) і так жа напаўжартам працягваў:
— Я ўспрымаю свет правым паўшар’ем. У адных усё кантралюе левае — іх большасць, ну, а ў мяне правае. А які яно бачыць свет — правільны, ці не — гэта слушнае пытанне. Дарэчы, які погляд правільны? Хто дакажа і якія суддзі?
Рыта ўважліва паглядзела на мужа і страсянула валасамі. Яна зморшчыла лоб і на кароткі час задумалася.
— Вядома, туды далёка дабірацца, — працягваў Мастак, — але там простае жыццё, цудоўная прырода. Вось летам прыедзем утраіх, — ён падкрэсліў, што ўтраіх, — і застанемся назаўсёды. Назаўсёды — на ўлонні прыроды. Драўляная хата, лес па начах шуміць, і людзі простыя, без хітрыкаў. І ніякага ўціску. Бо, дзе начальства ходзіць, там ніва не родзіць.
Рыта разгублена ўсміхнулася і сказала:
— Хутка мне адной ужо нельга будзе заставацца. А раптам дрэнна стане? Тэлефона і ў суседзяў няма. Дый за цябе душа баліць.
Ён пакратаў лоб.
— Праз два тыдні вазьму адпачынак, а потым пабачым. А сёння трэба ехаць. Пакуль дабяруся да тых Лаўнікаў, якраз будзе заўтра.
І Мастак пачаў расказваць пра Лаўнікі — якая гэта незвычайная вёска ў глыбінцы. Так, сапраўды незвычайная. І вёскі, і гарады, і людзі вельмі ж адрозніваюцца адзін ад аднаго. У тых Лаўніках, напрыклад, сяляне ўсё самі вырашаюць. Там у іх нешта накшталт савета старэйшын. Нават міліцыю ніколі не выклікаюць, калі нашкодзіць хто часам ці паб’юцца маладыя. Самі пакараюць вінаватых. І браканьерства амаль не здараецца, хаця жыўнасці навокал хапае. Працуюць сумленна, жывуць сціпла.
— Ты, вядома, ідэалізуеш тую суполку, — сказала Рыта, збіраючы мужу рукзак. — Хутка заспяваеш зусім іншае: варта пасварыцца там з кім-небудзь. Але я адсюль нікуды больш не варухнуся нават. Досыць па чужых кутках бадзяліся. Нараджу дзіцё і буду проста жыць.
— Ісціну кажаш. Каб усе жанчыны меркавалі так, свет быў бы інакшы.