Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 8
Юры Станкевіч
буруламдамтамдулубам!
турузамрамшамтубудам!
чула яна, глытаючы таблетку транквілізатара, а потым з фралоўскага дома выйшаў п’яны Клім з цыгарэтай у зубах і, адышоўшы некалькі крокаў да паваленага плота, стаў мачыцца прама на зямлю, але яго зноў павялі, паляпваючы па плячы, у дом, і яна разбудзіла хлопчыка, нагуляла з ім, пакарміла і паклала яго ў ложак, і надышла ўжо ноч, калі яна знайшла свечку, запалкі і рушыла да хляўка, дзе было ціха; яна спынілася ў дзвярах, і зноў пачуццё страху ахапіла яе, але жанчына ступіла ўнутр і пачала ў святле агеньчыка ўзірацца ў цемру, а потым асцярожна пакрочыла наперад, трымаючы свечку ў руцэ крыху збоку, і цемра згусцілася за яе спінай, а затым яна быццам пачула шолах, з-за пляча яе дзьмухнула паветрам, полымя замігацела і пагасла, і адразу цемра агарнула яе.
II. Злачынства
Чалавек па прозвішчы Даніла Прусак выцягнуў з паштовай скрыні канверт, які быў надарваны, бо са скрыняў кралі, пэўна, і гэтым разам праверылі, ці ёсць што каштоўнае, але ліст пакінулі, і мужчына пазнаў почырк сястры Любы, паклаў канверт у кішэню, падняўся да сябе на ліфце, адамкнуў ключом дзверы кватэры, дзе жыў апошнім часам з сынам, бо жонка з’ехала, каб даглядаць сваю хворую маці, і мусіла заставацца з ёю ўжо да канца, як яны і вырашылі перадусім; яна часам тэлефанавала з далёкага, на паўночнай мяжы, горада і, пасля кароткіх пытанняў, звычайна гаварыла з трывогай:
ты толькі не запі там
быццам ён запіваў — такога ні разу не здаралася, — і калі ён запэўніваў, што не збіраецца, крыху супакойвалася і дадавала
ужо патрываем, Даня, даруй
і вось цяпер мужчына сеў у крэсла і пачаў чытаць ліст — цішыня агортвала яго, і сястра спачатку паведамляла звычайнае, а потым пра хлопчыка, і тут мужчына па прозвішчы Даніла Прусак пацмокаў вуснамі і сказаў уголас
лепш бы яму не бачыць гэты свет, бо тут часам здаровыя ў сіло лезуць
і пахітаў галавой, бо неяк асабліва шкадаваў і любіў даўнёнка, як свайго крэўнага, за незвычайную дабрыню, рахманасць і даверлівасць, нібы ў свойскай жывёлы, і чытаў далей ліст, у якім сястра быццам збілася на другаснае, але тут пачыналася незразумелае, думкі яе нібы ахапіла ліхаманкай, хаця яна стрымлівала сябе, і ён перачытаў абзац усярэдзіне, які выклікаў у яго неспакой і дзе гаварылася, што
«…засяліліся побач чужынцы, ніхто іх раней не бачыў, — набрыдзь, панаехалі да іх яшчэ ўсякія, паводзяць сябе непрыстойна, ужо не ведаю, што і рабіць, бо не маю сіл абараніць сябе і хлопчыка, ты б параіў што, Даня, ты ў сталіцы, ведаеш больш, а я простая настаўніца, тут у нас стала зусім дзіка, мне страшна…»
потым склад пісьма стаў больш роўны, але быццам хвароба ўжо выявіла сябе, ён адчуў гэта і, ведаючы стрыманы характар сястры, зразумеў, што ёй сапраўды блага ад нечага незразумелага яму, і вырашыў узяць адпачынак (яму былі вінны тыдзень яшчэ за мінулы год) і неадкладна паехаць, а пакуль паведаміць пра гэта сыну, які якраз адчыніў дзверы і буркнуў нешта замест прывітання і кпіў нязлосна