Читать «Дзікі Луг» онлайн - страница 8
Андрэй Федарэнка
Збоку ад купальшчыкаў, вышэй па рацэ Грыгор вельмі асцярожна, перастаўляючы ногі, як на лыжах, зайшоў па калені, потым па пояс, па шыю і паплыў наразмашку. З берага на яго глядзелі з асуджэннем. Ён заплыў на самую сярэдзіну, нырнуў, высунуўся па грудзі, пастаяў так, памагаючы сабе рукамі, затым, відаць, засаромеўся, што ўсе на яго пазіраюць, лёг на спіну і ціха паплыў назад да берага.
Тым часам на беразе затокі пад вербамі жанкі ладзілі полудзень. Цёплае малако ў бутэльках з газетнымі затычкамі, бляшанкі рыбных кансерваў, сала, мяса з коўбіка, гуркі, свежыя і вараныя яйкі, зялёная цыбуля, хлеб — у кожнай сям’і адно й тое ж, як салдацкі харчпаёк, а ўсё адно здаецца, што ў суседа смачнейшае. Не паспелі пад’есці, як на рацэ затарахцеў матор, паказалася сіняя лодка з трыма мужчынамі. Праехала паўз бераг і завярнула ў затоку. Падчаліла акурат да таго дальняга, чаратовага беражка.
Па беларускай завядзёнцы іх спачатку дружна абгаварылі — мы тут працуем, а яны сярод белага дня рыбку ловяць… Потым гэтак жа дружна апраўдалі:
— Хай ловяць на здароўе, яны шкоды не робяць…
— Хіба мы для іх косім? — для сабе…
— Бачыш, уночы іх ганяюць, дык яны ўдзень…
— Наловяць, у Кіеў завязуць…
— А што тут маторкаю да Кіева?
Дзеці сабраліся ў чародку і пайшлі глядзець. Кулініч, на хаду дажоўваючы, таксама.
Людзям з гэтага берага, з-пад навіслых над вадой вербаў, бачна, як яны там ловяць. Утрох, дзіўнай снасцю — такім шырокім трохкутным брэднем. Двое з бакоў за палкі цягнуць, трэці ззаду прыціскае камель да дна.
— Ніжай, ніжай, ніжай! — даносіцца адтуль знаёмае Кулінічава.
— Гэта «крыга», — тлумачаць недасведчаным знаўцы.
Бачна, як зводзяць разам палкі, выцягваюць тую «крыгу», ніз змыкаецца, і ўвесь улоў — твой. Як у вялізным мяху. Блішчыць срэбра ў сетцы, залацяцца ліні, лупяць хвастамі, выгінаюцца зялёныя шчупакі, ходырам усё ходзіць! Так, не перабіраючы, разам з малькамі і ракамі, нясуць і ссыпаюць у лодку.
Людзі зайздросцяць, дзівяцца:
— Во як лавіць трэба…
— А мы з «кабыламі»…
— Сядзім у балацянках, нічога не ведаем…
Цяпер ужо і дзецям зразумела — смешныя яны са сваімі прымітыўнымі донкамі, грузіламі і здохлымі ад спёкі чарвякамі ў бляшанках. Канешне ж, і яны да абеду спрабавалі — але нічога не закідваецца, не хоча ляцець, блытаецца, рвецца, а калі і выцягваецца, дык клубок «барады», корань аеру ці камяк прыдоннай травы. Цяпер яны ўсё ведаюць. Канешне ж, справа ў снасцях. Ды калі б нам… Дайце такую «крыгу», ды маторку, мы б!..
Усяго разы тры зацягнулі браканьерчыкі — і больш не трэба, паўлодкі рыбы. У каламутнай вадзе са дна падымаюцца бурбалкі, усплываюць на паверхню прытаптаныя расліны, напалоханыя рыбіны, якім пашанцавала выжыць, пускаюць кругі.
— Хоць бы дзецям далі па рыбінцы…
— Хто ж то дасць?
— Дзе ж тут усім напасешся…
— На нас на такую прорву дзве лодкі дай — мала будзе…
З павешанымі насамі дзеці пайшлі назад. Кулініч застаўся, пачаў прыкурваць — з выглядам чалавека, які свой абавязак выканаў, а вы ўжо тут самі разбірайцеся. На лодку ён нават не пазірае — рыбы я вашай не бачыў, шчасце такое…