Читать «Дзікі Луг» онлайн - страница 10
Андрэй Федарэнка
Махновачка, якая да таго часу пакарміла і ўкалыхала сына, неўпрыкмет узяла недапітую бутэльку, пайшла туды.
— На, каўтні, сыночак, хай і табе пашчаслівее… Не глядзі на іх, не слухай, хай сабе брэшуць, а ты жыві, такі малады…Ноч, зоры, цёплая зямля…
Па ўсім лузе рассыпаліся чырвоныя кропкі вогнішчаў. Чуваць, як унізе вада ласціцца аб бераг. Тонка, соладка пахне прывяленая, а к ночы зноў акрыялая трава. Шыпіць сала, капае з яго і патрэсквае тлушч на вуголлі.
Размякчэлыя ад спіртнога, ад такой прыгожай ночы, людзі адчувалі кожны адно і тое ж — паўнату жыцця, якога так многа вакол, якое і ў стракатанні конікаў, і ў гэтай цыбуліне, у хрумсце, з якім яе грызуць, і ў тым, як чарка перадаецца з рук у рукі, і ў вогнішчы, якое гарыць сабе, падымаецца дымок над ім, а полымя кідае водбліскі на твары і выхоплівае з цемры няроўны круг пакошы.
Гавораць яны пра ўсё на свеце.
— Ён быў чалавек сільны, — расказвае Кулініч пра кагосьці са свайго лясніцтва. — Звалі яго Васіль. Паехаў на север.
Кулініч, калі вып’е, гаворыць кароткімі сказамі і праз сціснутыя шчэлепы, таму чуецца: сыльны, Васыль, сэвэр.
— Паступіў на лесасплаў. Там яго білі. Парвалі лёгкае. Захварэў, работац не мог. Лёг памірац. Далі групу.
І ўсім шкада стала таго незадачлівага Васіля, якога і ў вочы ніколі не бачылі. Нехта ўспомніў ранішнюю бабулю з кароваю. Дзе яна цяпер, у цемры, хай бы падышла да людзей, пагрэлася, павячэрала… І як гэта карова, нібы кот ці сабака, умее адшукваць травы, якія лечаць?
— Чалавека прыпячэ — ён знойдзе, а то карова…
— Свет вялікі, усяго бывае…
Паглядзелі на цёмную пляму Грыгоравага шалашыка. Панізілі галасы. Выпілі яшчэ. Загаварылі пра космас, што вось зляталі туды, а Бога не знайшлі. І хоць усе адзінадушна, нават стары Мікалай Мірон, сышліся на тым, што Бога, канешне, няма, але нешта ўсё-такі ёсць. І трэба было б паслухацца парады старых мудрых людзей і апоўначы ўбіць у магілу Ігната-ведзьмака асінавы кол, бо не паспеў ён памерці, як пачаліся адна за адной сухія навальніцы; без дажджу, без хмар, сярод яснага дня маланкі лупілі ў што папала, і гэта вялікае цуда, што ацалела вёска; праўда, пастуха Козю на полі гром забіў, згарэў нашчэнт, толькі абвугленая галавешка ў труне ляжала.
— Не, Бог не Бог, а нешта ёсць…
— А што, хіба няма таго, што
Словам
— Неяк вяду веласіпед уночы… Коціцца клубок вогненны! Жарам гарыць!
Па Прыпяці ў цемры ўнізе павольна рухалася чародка агнёў. Буксір цягнуў баржу. Калі яна праплыла, ажывіўся самы стары, Мікалай Мірон.
— А то адзін раз было… Я ў войну іду з чыгункі… Іду. Едзе мадзяр на веласіпедзе… Я перш падумаў — немец. Вінтоўка за плячыма целяпаецца. Я шапку зняў… Ён едзе. Я добры дзень даў… Ён едзе. Я гляджу — мадзяр! Надзеў шапку. Ён едзе… Вінтоўка, праўда, за плячыма. Я саступіў з дарогі… Ён едзе…