Читать «Беларускiя народныя казкi» онлайн - страница 6
неизвестен Автор
— Так i так, — кажа ёй дзяцел, апусьцiўшы нос. — Не да гасьцей мне кумка: маё роднае дзiця лiсiца адбiрае…
Варона была птушка старая i разумная, не такая, як iншыя.
— Дурань ты, — кажа яна, — не аддавай!
— Дык-жа лiсiца дрэва сьсячэ i ўсё роўна загубiць нас.
— Гэта яна толькi страшыць цябе. Як прыйдзе заўтра, ты скажы ёй: «Сячы сабе, я цябе не баюся!».
Зарадаваўся дзяцел, падзякаваў вароне-куме за разумную параду i навет добра пачаставаў яе за гэта жукамi-караедамi.
Прыбягае назаўтра лiсiца.
— Ну, дзяцел, — кажа, — ськiдай дзiця, а то зараз дрэва сьсяку.
А дзяцел высунуў свой доўгi нос з дупля i кажа:
— Сячы сабе, я цябе не баюся!
Зьдзiвiлася лiсiца — адкуль толькi дзяцел розуму набраўся?
— Хто цябе навучыў так гаварыць? — пытаецца яна.
— Сваячка мая — варона-кума, — сьмела адказаў дзяцел.
Узлавалася лiсiца на дзятлаву куму — шэрую варону. «Пачакай-жа, — думае, я ёй не дарую гэтага». I пайшла прэч, глытаючы сьлiну.
Думала яна, думала, як вароне адпомсьцiць, i надумалася-такi. Выбегла на палянку, лягла i прыкiнулася мёртвай.
Убачыла гэта варона з дрэва. «Эгэ, — зарадавалася яна, — нядрэнная спажыва валяецца».
Тут яна крыльлямi — мах, мах! I, як бачыш, каля лiсiцы апынулася. Дзяўбанула спачатку ў хвост, каб праверыць, цi сапраўды лiсiца мёртвая. А тая — навет не зварухнулася. Ляжыць, як дохлая.
Варона пасьмялела, падскочыла да галавы i ўжо намерылася дзяўбануць у вока… А лiсiца як усхопiцца ды цап варону за нагу!
— Ага! — зарагатала лiсiца, выскалiўшы зубы. — Папалася мне на абед замест дзятляняцi. Будзеш ведаць, як дзятла вучыць.
— Ну што-ж, — кажа варона, — перахiтрыла ты мяне. Цяпер я толькi аднаго баюся: каб ты ня мучыла мяне так, як твая мацi мучыла маю мацi.
— А як-жа яна мучыла? Нешта я ня памятаю.
— Бо ты малая тады была…
— Дык раскажы хоць, — зацiкавiлася лiсiца.
— Добра, раскажу, — згадзiлася варона. — Было яно так. Твая мацi злавiла маю мацi. Вось як ты мяне цяпер.
— Ну, вядома, — перапынiла яе лiсiца. — Мая мацi была не такая дурная, як твая.
— Так, так, — адказала варона. — Яна, i праўда, была разумная, твая мацi, бо не захацела есьцi маю мацi зь пер'ем: пер'е-ж нясмачнае!
— Вядома, нясмачнае, — падтакнула лiсiца.
— Дык твая мацi зрабiла вось як: узяла два рэшаты, усадзiла туды маю мацi, потым склала рэшаты адно да аднаго ды як пусьцiла з крутой гары, дык на маёй мацi нi пярынкi не засталося — усё чыста асыпалася. Брр! — скаланулася варона. — Гэта самая страшная пакута для нас, варон…
«Добра-ж, — падумала лiсiца. — Ня буду я дурнейшай за сваю мацi».
Дастала яна два рэшаты, усадзiла туды дзятлаву куму ды i пусьцiла рэшаты з крутой гары. Рэшаты разьехалiся ў бакi, а варона ўзьнялася i паляцела на дрэва.
ХВАСТЫ
Быў такi час на зямлi, калi зьвяры ня мелi хвастоў. Заязь страшэнна дакучала iм: абаранiцца зьвяры ня мелi чым. I вось аднойчы ад ляснога цара выйшаў загад, каб зьвяры йшлi хвасты атрымлiваць. Пайшлi ганцы ўва ўсе канцы з пушчаў, лясоў i палёў склiкаць зьвяроў. Паведамiлi ваўка, лiсiцу, кунiцу, пабудзiлi й мядзьведзя ў яго бярлозе.