Читать «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990» онлайн - страница 337

Аляксей Гардзіцкі

Выдаў кніжкі апавяданняў для дзяцей «Тараскавы турботы» (1966), «Дзе начуе сонца» (1970), «Дожджык на колах» (1977), «Нястрашны страх» (1986), публіцыстычныя нарысы: «Першая неабходнасць» (1963), «Мінск. Учора, сёння, заўтра» (1982), «Синьоока сестра Украины» (Кіеў, 1985). У яго літаратурным запісе выйшла дакументальная аповесць М.Новікава «Пять шагов жизни» (1970).

На Беларускім радыё распачаў у 1963 г. штомесячную перадачу для школьнікаў - радыёклуб «Жывое слова», нязменным старшынёй якога з'яўляецца.

Юхнавец Янка, нарадзіўся 03.11.1921 г. у вёсцы Забродак Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

З прыходам на Беларусь немцаў быў арыштаваны СД, летам 1944 г. вывезены ў Германію. Атрымаў юрыдычную адукацыю ў Вольным універсітэце ў Мюнхене па спецыяльнасці заходнеэўрапейскае права (1949). З 1949 г. жыве ў ЗША.

Вершы і прозу пачаў пісаць у эміграцыі (першыя творы надрукаваны ў эмігранцкіх часопісах «Шыпшына» і «Сакавік», 1948). Аўтар зборнікаў паэзіі «Шорах моўкнасці» (Нью-Ёрк, 1955), «Новая Элэгія (Баварыя, 1964), «Калюмбы» (Нью-Ёрк, 1967), кнігі выбранай паэзіі «Творы» (Нью-Ёрк, 1989-1990).

Я

Ягоўдзік Уладзімір (таксама Ягаўдзік Уладзімір), нарадзіўся 14.02.1956 г. у вёсцы Кастровічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах, у 1978 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1978-1982 гг. працаваў карэспандэнтам Берасцейскай абласной газеты «Заря», рэдактарам Берасцейскай абласной студыі тэлебачання. З 1982 г. жыве ў Менску. У 1982-1990 гг. - супрацоўнік штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 1990 г. - рэдактар газеты «Дзеці і мы». Сябра СП СССР з 1985 г.

Дэбютаваў у друку вершамі ў 1972 г. (газета «Гродзенская праўда»). Выдаў кнігі прозы «Стронга» (1984), «Вочы Начніцы» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989), «Прыручэнне птушкі» (1989), зборнік казак «Сонейка, свяці!» (1988). Аўтар мастацкага альбома «Алена Кіш» (1990).

Напісаў для дзяцей п'есы, што ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на Беларускім радыё і тэлебачанні, «Залатое зярнятка» (пастаўлена ў 1983), «Сонейка, свяці!» (надрукавана і пастаўлена ў 1985), «Пякла баба калачы» (з А.Шкілёнкам, пастаўлена ў 1987), «Сакрэты Вогніка» (пастаўлена ў 1987), «Усміхніся, прынцэса...» (надрукавана і пастаўлена ў 1990).

Выступае ў перыядычным друку як літаратурны крытык, а таксама з мастацтвазнаўчымі артыкуламі пра самадзейных і прафесійных мастакоў рэспублікі.

Пераклаў з расейскай і ўкраінскай моў асобныя творы Л.Лявонава, В.Астаф'ева, Ю.Бондарава, М.Віграноўскага.

Ядвігін Ш. (сапр. Лявіцкі Антон), нарадзіўся 04.01.1869 г. у былым маёнтку Добасна (цяпер у складзе вёскі Добасна) Кіраўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і ўпраўляючага маёнткам.

Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, у 1890 г. за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Сядзеў у Бутырскай турме. Вярнуўся на Беларусь, працаваў памочнікам правізара ў Радашковічах, потым у краме-кааперацыі. Па стану здароўя пакінуў працу і пераехаў з сям'ёю ў бацькоўскі фальварак Карпілаўка, што пад Радашковічамі, дзе і правёў большую частку жыцця. У 1909-1910 гг. жыў у Вільні, працаваў некаторы час сакратаром, затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы». У 1913 г. - у рэдакцыі газеты «Беларус». З лістапада 1913 г. да студзеня 1915 г. - тэхнічны рэдактар беларускага сельскагаспадарчага часопіса «Саха» і беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» ў Менску.