Читать «Залаты век Беларусi (на белорусском языке)» онлайн - страница 46

Станислав Акиньчиц

Вялiкае Княства ўсё больш адыходзiла ад бiблiйных прынцыпаў, i гэта выяўлялася на ўсiх узроўнях грамадзкага жыцьця. Перасьледваньнi дысыдэнтаў, распачатыя ў краiне, захiсталi мараль грамадзтва. Калi ты можаш рабаваць, зьбiваць, зьдзеквацца з суседа, бо ён верыць ня так, як ты, то што можа табе перашкодзiць рабiць тое самае ў адносiнах да любога iншага чалавека. Iмклiвае падзеньне маралi стала характэрнай рысай пачатку XVII стагодзьдзя. Усё гэта выклiкала крызыс палiтычнай сыстэмы краiны. Дзеячы Рэфармацыi XVI стагодзьдзя, якiя стварылi канстытуцыйны лад Рэчы Паспалiтай Двух Народаў, маглi паўтарыць словы, сказаныя праз 200 гадоў Джэймсам Мэдысанам, адным са стваральнiкаў Канстытуцыi ЗША: "Мы паставiлi будучыню ўсiх нашых палiтычных установаў у залежнасьць ад здольнасьцi чалавецтва да самакiраваньня, ад здольнасьцi ўсiх разам i кожнага з нас кiраваць самiм сабою, стрымлiваць сябе, кiруючыся дзесяцьцю прыказаньнямi Божымi". Калi грамадзяне краiны ў значнай сваёй частцы кiравалiся ў жыцьцi Божым Словам, а не сваiмi жаданьнямi, краiна разьвiвалася i была прыкладам для ўсяго сьвету. Калi грамадзтва адыйшло ад Бiблii, ад Эвангельля, краiна пачала скатвацца ў хаос i бязладзьдзе. У 1573 годзе пад час першых выбараў караля на элекцыйным полi некалькi тыдняў стаяла 50 тысячаў збройнай шляхты, якая сабралася з усёй Рэчы Паспалiтай, каб выбраць сабе манарха. I за гэты час ня стрэлiла нiводная стрэльба, нiводзiн шляхцiч ня бiўся на шаблях з другiм. У канцы панаваньня Жыгiмонта Вазы не было такога сойму цi павятовага соймiку, калi б асабiстыя цi палiтычныя пытаньнi не вырашалiся з ужыцьцём сiлы. Кароль першы даў прыклад беззаконьня сваiм падданым, адкрыта парушаючы пастановы Варшаўскай канфэдэрацыi i падтрымлiваючы ўсякiя перасьледваньнi эвангельскiх хрысьцiянаў. Як зьнешняя, так i ўнутраная палiтыка Рэчы Паспалiтай характарызавалася тым, што iдэалёгiя Контррэфармацыi была ня толькi па-над маральлю, але i па-над здаровым сэнсам. Жыгiмонт Ваза, жадаючы пашырыць уладу каталiцкай царквы, распачаў вайну Рэчы Паспалiтай са Швэцыяй, вайну, непатрэбную нiкому, апрача Рыму. Палаючы гэтым жа жаданьнем, кароль падтрымаў маскоўскую авантуру Iлжэдзьмiтрыя, iдучы насуперак волi сэнату i грамадзтва Рэчы Паспалiтай. Безсэнсоўныя войны з суседзямi, рэлiгiйныя нецярпiмасьць унутры краiны, безадказнасьць на дзяржаўным узроўнi вось вынiкi караляваньня вялiкага князя i караля Жыгiмонта Вазы, "слугi дактрынаў", як назвалi яго сучасьнiкi. Калi ў 1632 годзе Жыгiмонт Ваза памёр, "увесь сойм, сэнат i народ больш занятыя былi змаганьнем са сваiмi суайчыньнiкамi, заражанымi герэзiямi, чым бясьпекай i цэласнасьцю Бацькаўшчыны, чым выбарамi новага валадара", - пiсаў да папы рымскага канцлер каронны Ежы Асалiнскi.