Читать «Залаты век Беларусi (на белорусском языке)» онлайн - страница 44

Станислав Акиньчиц

У 1589 годзе кароль Генрык IV выгнаў з Францыi езуiтаў "як дэмаралiзатараў моладзi, разбуральнiкаў грамадзкага парадку, ворагаў караля i дзяржавы". У Рэчы Паспалiтай у гэты самы час езуiты былi падтрымлiваныя ўсёй моцай каралеўскага аўтарытэту. Кароль спрыяў езуiтам, як толькi мог, i было вiдавочна, што дасягнуць у дзяржаве нейкiх высокiх пасадаў можна было толькi па iх пратэкцыi. Душы людзей тады пачалi дзiўна зьмяняцца, i то ў спосаб, адпавядаючы жаданьням асобы, якая мела права даваць староствы, ваяводзтвы, месцы ў сэнаце. Магнаты, шляхта, частка месьцiчаў адзiн за другiм пачалi здраджваць Рэфармацыi i далучацца да каталiцкай царквы, цi то прагнучы атрымаць пасаду, цi баючыся перасьледваньняў. Назiраючы ўсе гэта, ангельскi пасол Томас Ро з горыччу адзначаў, што як сьведчыць прыклад Рэчы Паспалiтай "фанабэрыя i хцiвасьць шмат могуць у сьвеце".