Читать «Канфуз» онлайн - страница 2

Васіль Ткачоў

– Бабулю паклікаць не магу: яна спіць. На канапе. А тата з мамай на працы...

І паклала трубку.

Бабуля ўсміхнулася, узнялася з канапы, падыйшла да Алесі, лёгенька абняла яе за плечы:

– Сакратарка ты мая. Пайшлі, пайшлі палуднаваць. Пачастую я цябе варэнікамі: пакуль ты дзяжурыла каля тэлефона, я і прыгатавала іх. Без цябе аніяк не справілася б.

НЕПАСЛУХМЯНАЕ МЫЛА

Максімка мыецца ў ваннай . Адзін. Як дарослы. Але больш займаецца ён тым, што ловіць мыла, якое зусім не слухаецца – выслізвае з рук, нібы забаўляецца з хлопчыкам:

– А-га, паспрабуй злаві! А вось і не зловіш!

Максімка такіх жартачкаў не разумее, на вочках выкругліліся слязінкі. Неўзабаве ён пачынае румзаць. Падыходзіць мама: бяда ж! Яна глядзіць на малога і нічога не разумее.

– Што з табой, сынку? – пытае.

– Мыла... не слухаецца, – паказвае хлопчык на кавалачак мыла, які плавае на вадзе.

Ён апускае руку ў ваду і…ловіць мыла! Максімка моцна заціскае яго ў кулачку і шчасліва ўсміхаецца: калі мама побач, то і мыла слухаецца.

КАНФУЗ

Максімкаў дзед жыве ў вёсцы. Ранняй вясной, калі яшчэ не было работы на агародзе, бабуля сказала яму:

– З’ездзі ў Гомель, унуку яблыкаў і журавін завязі. А я ўжо сама тут карову і парсючка дагледжу.

Дзед прывёз поўную торбу розных вясковых ласункаў. Як толькі данёс? У яго ж, у дзеда, няма адной рукі – з вайны вярнуўся з пустым рукавом.

Усе абрадаваліся дарагому госцю. А найбольш – Максімка.

Назаўтра тата з мамай пайшлі на працу, а яны, малы і стары, засталіся ўдвух. Чыталі казкі, глядзелі кінафільм. Максімка і заснуў перад тэлевізарам у крэсле, а дзед патупаў на кухню. «Пакуль унучак спіць, – падумаў, – памыю посуд. Прачнецца ён, а талеркі і лыжкі будуць чысценькія – можна і абедаць».

Нязручна мыць посуд адной рукой, але дзед сяк-так прылаўчыўся. І раптам адна талерка выслізнула з рукі і разбілася. Прысеў дзед на табурэцік, шкадуе: такая прыгожая талерка была.

Тут Максімка прачнуўся, прыбег на кухню, суцяшае:

– Не бядуй, дзядуля. Тата казаў калі б’ецца посуд, то гэта на шчасце.

– Шчасця, канечне, у тым мала, што я талерку разбіў, але ж і бедаваць надта не трэба, – пагадзіўся дзед і пагладзіў унука па галаве. – Няёмка мне, канфуз атрымаўся.

Максімка паднёс да ракавіны табурэцік, ускараскаўся на яго і пачаў мыць посуд.

– А ты, дзядуля, пасядзі, – сказаў ён. – Табе цяжка. Каб у цябе было дзве рукі, як у мяне, тады б і ты мне дапамог... А такі канфуз з кожным можа здарыцца.

Дзед назіраў за унукам і суцешна ўсміхаўся.

ПІСЬМО

Мікола захварэў. І так сур’ёзна, што палажылі яго ў бальніцу: з хваробай не жартуюць. Ляжыць хлопчык у пакойчыку пад бялюткай коўдрай, сяброў успамінае і дужа шкадуе, што не ходзіць, як яны, у школу.

Думаў, думаў пра аднакласнікаў Мікола і заснуў. А ў гэты самы час і сябры прыбеглі праведаць яго.

– Нельга будзіць, – строга сказала медсястра. – Няхай больш спіць, тады хутчэй паправіцца.

Прыціхлі хлопчыкі і дзяўчынкі. Разважаюць: Новы ж год заўтра, павіншаваць трэба Міколку. А як? Паштоўкі няма.

І яны прыдумалі.