Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 4

Васіль Ткачоў

— Дзякуй, Пятровіч,— свецяцца радасцю вочы Марыі.

Разыходзяцца. Марыя, узяўшы ў рукі даільны апарат, спяшаецца да кароў, дырэктар сядае ў машыну; чакаюць і ў Грушаўцы яго жывёлаводы. Не паспеў гыркнуць маторам, з'яўляецца Сяргей Сяржан, расхрыстаны, усхваляваны — амаль што подбрыкам бег, каб паспець.

— Падвязіце, Пятровіч!

— Сядай!

У машыне аддыхаўся, гаворыць:

— Магнітафон трэба купіць. Буду каровам музыку круціць! — I смяецца.

— Давай, давай, Сярожа,— падтрымаў настрой Сяржана дырэктар.— Толькі ці будуць яны больш малака, цікава, ад тваёй музыкі даваць?

— Будуць, будуць, Пятровіч! Гарантыя!

— Упэўнены? А я вось чытаў у кнізе такую штукенцыю. Паслухай. Прыехаў новы загадчык фермы — малады спецыяліст. Пасля інстытута. Чалавек начытаны і сучасны. I ў барацьбе за высокія надоі рашыў адмахнуцца ад дапатопных дзедаўскіх метадаў, а ўкараняць метады глыбока навуковыя. Вычытаў недзе ў часопісе, што лепш за ўсяго павышае надоі эстэтыка вытворчасці. Тэрмінова пафарбаваў сцены. Пад столь падвялі лямпачкі дзённага асвятлення. Паміж стойламі паклалі дывановыя дарожкі. Прыгожа. Ходзяць каровы, як у тэатры, аднак малака даюць мала. Тады ён бярэ другі часопіс, вычытвае там, што лепш за ўсё павышаюць надоі дэкаратыўныя расліны. I неўзабаве з'явіліся на ферме кактусы і пальмы. Са столі традысканцыі звісаюць. Па вуглах японскую ікэбану з галінак зрабілі. Аднак зноў мала малака даюць каровы. Тады ён вырашае радыёфікаваць ферму. Ні аднаго сімфанічнага канцэрта не прапускалі каровы. Раяль купілі. Даярак адправілі на паскораны курс музычнага вучылішча. Ды плюс да ўсяго заезджыя музыканты па два канцэрты давалі: адзін — у клубе, другі — на ферме. Толькі зноў малака каровы мала давалі. I тады малады спецыяліст вырашыў вярнуцца да дзедаўскіх метадаў... Наваліў поўныя кармушкі сена, камбікорму насы- паў. Павесялелі каровы, задумлівасць з вачэй знікла. Ядуць сабе сена ды радуюцца. I надоі адразу падняліся... Га?

Сяргей маўчыць, а потым кажа:

— Не, Пятровіч, а музыку я ўсё роўна куплю!

«Сяргей, Сяргей... Пабольш бы нам такіх, як ты»,— думаў па дарозе дырэктар, а сам прыгадаў ранейшую паездку на кашару. Яўген Пятровіч быў тады не адзін — з сакратаром партыйнай арганізацыі Іванам Фамічом Сачанком. Падыходзіць Сяргей, з нагі на нагу перамінаецца, сказаць нешта хоча, а не адважыцца.

— Просьба да вас, Іван Фаміч,— нарэшце вымаўляе.— Як вы паглядзіце на гэта?

— Слухаю, Сярожа.

— У партыю хачу ўступіць. Вось.— Ён працягнуў невялічкі аркуш паперы, на якім былі выведзены цвёрдым почыркам словы: «У пяр- вічную партыйную арганізацыю саўгаса «Прыпяцкі»... Заява... У гэты нялёгкі для нас час, звязаны з ліквідацыяй вынікаў аварыі на Чар- нобыльскай АЭС, калі правяраецца грамадзянская і палітычная сталасць кожнага савецкага чалавека, хачу быць у радах Камуністычнай партыі, баявым авангардзе нашага народа».

Сяргей адслужыў у арміі, працаваў у саўгасе механізатарам, а цяпер часова перайшоў у жывёлагадоўлю.

— Малайчына. Хвалю,— паціснуў руку Сяргею сакратар.— Дам і я табе рэкамендацыю. Не супраць?