Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 3

Васіль Ткачоў

Цэнтр саўгаса размясціўся ў Галоўшчыцах. На новым месцы адразу ж адбыўся адкрыты партыйны сход. Камуністы і беспартыйныя, кожны, каму было што сказаць, узнімаўся, выказваў свае думкі. Людзі гаварылі словы ўдзячнасці мясцовым жыхарам. За клопат, за гасціннасць. Пакуль «прыпятчане» перасяліліся, тыя падрыхтавалі для жывёлы кашары, наладзілі даільныя ўстаноўкі, выдзелілі пашу. Пенсіянерка Мальвіна Нестараўна Траўнічак адной з першых адчыніла дзверы сваёй хаты, сардэчна запрасіла:

— Заходзьце, людзі добрыя. Заходзьце, колькі зможа размясціцца ў маёй хатцы людзей — усіх прыму, месца хопіць. I на стале не пуста. Не той час сёння. Пражывём-пракормімся.

Дырэктарскі хлеб вядомы. Ад цямна да цямна на нагах, а што ж гаварыць пра тыя першыя дні, калі абжываліся людзі, прывыкалі да жыцця і працы на новым месцы! Ці спаў? Ажно кругі пад вачыма пазначыліся. Хапіла ўсім ліха, а яму — удвая больш. За людзей хваля- ваўся, хацелася ж, каб хутчэй яны забыліся на бяду. Стараўся знайсці для іх цёплае слова, і людзі сваё не хавалі, выкладвалі дырэктару: бачым, супакойваеш нас, Пятровіч, то і мы цябе можам, паслухай. Ехаў Яўген Пятровіч на тую ж кашару, а сэрца шчымела: як там, ці добрую навіну пачуе? А ўбачыць, як стараюцца людзі, а то і ўсмешку сустрэне — і быццам гара з плеч.

Марыя Валодзька насустрач бяжыць, ледзь не за руку цягне:

–Ой, Пятровіч! Ой, радасць якая! Цялятка паявілася...

Дырэктар святлее тварам, адказвае:

— Пойдзем глянем. А ты, Марыя, заўваж: паявілася яно на новым месцы. Пра што гэта ўсё гаворыць?

Даярка паціскае плечуком, зацікаўлена глядзіць на Яўгена Пятровіча.

— Вось-вось... Пускаем мы тут свае карані. А нараджэнне — святая справа. I дзеці ў метрыках запішуць новыя вёскі. Нічога, свае мы таксама не забудзем. А пройдзе час — вернемся, зноў удыхнём у іх сваё цяпло. Вось так, Марыя,— дырэктар кранаецца пляча жанчыны.— Вось так. Ну, а цябе з папаўненнем...