Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 29

Васіль Ткачоў

Пазней Мітрафан выпадкова знайшоў тое пісьмо. I жахнуўся: «Яна ж, гарэлка, і не такое можа зрабіць з чалавекам. Адзінага сына жаніць па-людску не атрымалася...» Выцер слязу.

3 таго дня не п'е. Ні кроплі.

* * *

Гарадскія ў полі. Вяскоўцы прывыклі, што да іх прыязджаюць рабочыя, студэнты дапамагаць убіраць бульбу, караняплоды, нарыхтоўваць сена. Вёска апусцела, адны старыя ў ёй — некаму рабіць. А горад просіць есці. Просяць кавалак хлеба Віцькі і Колькі, Маруські і Зінкі, якія пакінулі бацькоўскі бераг, а цяпер прыязджаюць на падмогу.

Праляціць іх кароткае вясковае жыццё, вокам міргнуць не паспееш. Вернуцца гараджане ў свае кватэры, а ўспамінаць пра сваіх памагатых людзі будуць доўга. Адных — хваліць за старанне, а вось ад іншых у сябе прыйсці ніяк не змогуць, будуць рукамі толькі разводзіць: «Няўжо такія яшчэ могуць быць? Божухны, паверыць цяжка!»

Самую кепскую памяць пакінулі пра сябе ў падшэфным калгасе «Серп і молат» Чавускага раёна работнікі Магілёўскага завода па тэхналагічным ' абслугоўванні і рамонту вылічальнай тэхнікі Мікалай Шацікаў, Станіслаў Ёлкін, Васіль Веракса, Алег Сурганаў — усяго 9 чалавек. Выезд у калгас яны прыраўнялі да лёгкай прагулкі на прыроду, дзе павінны быць абавязкова гарэлка, брыдкае слова. Яны так і скажуць пазней: «Мы два тыдні рыхтаваліся...» Пасля такой падрыхтоўкі хлопцы з дыпломамі, што вяскоўцаў асабліва здзівіла і ўразіла, тапталі нагамі на злосць брыгадзіру Але Уладзіміраўне Бараноўскай буракі, рэзалі іх нажамі, крышылі. «Ты нас яшчэ выхоўваць будзеш, дзярэўня!» Запусцілі шклянкай у жанчыну. Абразілі старшыню.

Адкуль такая непавага да людзей, да вырашчанага чужым мазалём на зямлі-карміцельцы ў гэтых гарадскіх пустацветаў?

Усё гэта не ўкладваецца ў галаву.

* * *

Луг пад Веццю. Непадалёк Дняпро. Цудоўныя мясціны. Едуць і едуць на выхадныя дні людзі. Болып за ўсё — з Магілёва. Ловяць рыбу, гуляюць у валейбол, футбол, бадмінтон. А дзед Сямён скардзіцца мне:

— Ну, і што яны робяць, неслухі? Утопчуць жа траву!

Ён не вартаўнік, не, ён — селянін, вясковец, і яму баліць, калі дзе не так з зямлёй. Папракае:

— Адняць бы ў іх легкавушкі, калі дарогі не бачаць!

Глядзім на луг, спачуваем лугу. Наўсцяж — сляды. Калі б толькі ад нагі чалавека. Ад легкавушак! Сляды глыбокія — каляіны, трава уперамеш з зямлёю, гіне. Налічваем каля дзесяці такіх слядоў, не ходзячы далёка. А калі увесь луг абысці? А калі ўсе лугі?

Чалавек сёння сеў за руль легкавой аўтамамашыны. 3 аднаго боку — добра: багата жыве, чаму не парадавацца за яго. 3 іншага ж — крыўдна: нейкай жалезнай робіцца і яго душа. Мыюць у рацэ тыя ж аўтамашыны, плямы ад бензіну і масла на траве, у вадзе. Калі паспяваюць грыбы — дзяруць з карэннем. Ламаюць ягаднікі — каб дома, седзячы на кухні, абабраць.

Сляды ў лесе. Сляды на лузе. Сляды ў полі.

А можаш ты, чалавек, пражыць так, каб не наслядзіць?!

МАНАЛОГІ

Маналог першы, які належыць муляру БУ-214 аб'яднання «Гомельпрамбуд» Якаву Андрэевічу Сабалеўскаму:

— Задажджыла. Дажджы, дажджы... Восень, нічога не паробіш — такая пара года. Прывык. Чвэрць стагоддзя ўжо будаўніком працую. Круглы год пад небам. Завіхурыць, бывае, так, што свету белага не відаць, а рабіць жа трэба — людзі жыллё чакаюць. Успомніш пра іх — і цаглінку да цаглінкі, як прынята гаварыць, хоць цяпер больш з блокаў будуем. Але не, мая прафесія муляра яшчэ ў пашане, яшчэ доўга жыць будзе. Іншы раз азірнуся назад, прыкіну, што зрабіў — і лёгка на сэрцы, прыемна становіцца: багата, Андрэевіч, зрабіў, багата. Не захваляю сябе, не. Проста бачыш, што недарэмна жыццё ідзе, добрая памяць застаецца. Але ці толькі добрая? Вось тут і паразважаць мушу. Так-так. Варта прыгадаць будаўніцтва якога-небудзь аб'екта — ці ўчарашняга, ці леташняга, ці нават пяцігадовай даўнасці,— і добры настрой як карова языком зліжа. Аўралы... Ёсць, праўда, адно прыемнае выключэнне. Будавалі мы шэсць гадоў назад дом для маласямейных у Навабеліцкім раёне. Матэрыялы паступалі акуратна, своечасова, ніхто не псаваў адзін аднаму нервы — кожны рабіў сваю справу быццам на адным дыханні. Душа, чэснае слова, спявала. Падумалася ж тады: можам працаваць, можам! Але то было, як я ўжо сказаў, прыемнае выключэнне... У асноўным жа прыкрыя, горкія ўснаміны застаюцца. Хочаш прыклад? Калі ласка. Дом на вуліцы Савецкай, там магазін «Дзіцячае адзенне» размешчаны. Нашаму ўпраўленню ён дастаўся ў спадчыну ў дзень свайго нараджэння, наша БУ, дарэчы, арганізацыя маладая, усяго дванаццаць гадоў, як створана. Дык вось, той дом мы здалі толькі чатыры гады назад. Парадокс? Парадокс, парадокс, братка. Да таго ж людзі ўжо жылі ў ім, а мы ўсё хадзілі недаробкі выпраўляць. Уяві цяпер маё становішча нават не як будаўніка, а чалавека. 3 якім тварам я павінен падыходзіць да дзвярэй, з якім настроем націскаць на кнопку званка, глядзець у вочы жыхарам? А-а! А мне даводзілася. I не раз. Здаецца, ад сораму скрозь зямлю гатовы быў праваліцца. Не будзеш жа кожнаму чалавеку растлумачваць, што не мая тут віна, а тых, хто павінен своечасова забяспечваць нас матэрыяламі, клапаціцца пра тэхналогію будаўніцтва. Яму, праўду кажучы, не лягчэй будзе, пачуўшы такое. Яму трэба, каб кватэра, якую ён чакаў, вядома ж, не адзін год, была цёплай, утульнай, прывабнай.