Читать «Варона» онлайн - страница 170

Васіль Ткачоў

— Стаяць! – загадала жанчына. – Папаўся!..

Мужчына не мог зразумець, што адбываецца. Пакуль ён ачомаўся, міліцыянеры прабеглі міма, ускочылі ў аўтобус, таго неўзабаве і след прастыў. Толькі цяпер Валянціна здагадалася, што адбылося. Перастарался, адным словам. Яна гучна засмяялася і папрасіла прабачэння ў мужчыны. Мужчына таксама ўсміхнуўся ў адказ:

— Бывае. – І прапанаваў свае паслугі:– Вам, можа, дапамагчы сумкі несці?

— Ну, калі не цяжка… – спярша сумелася Валянціна, а потым паціснула плечуком.

— А мне няма куды спяшацца. Не ведаю, навошта я так ляцеў на злом галавы да таго аўтобуса? Хаця, кажуць, што не робіцца, усё да лепшага…– шматзначна паціснуў ён плячыма і згроб у адну руку ўсе яе сумкі, загадкава паглядзеў на жанчыну. – Загадвайце, куды несці?

— Дамоў…– ціха і сарамліва прамовіла жанчына.

— Дамоў дык дамоў! – бадзёра сказаў мужчына і дапамог ўвайсці ў салон аўтобуса, які толькі што падышоў, Валянціне.

З таго дня на базар яны ходзяць разам і ездзяць толькі на тым нумары аўтобуса, які стаўся шчаслівым для іх абодвух.

ПРЫВІТАННІ

Сяргей Іванавіч амаль усё сваё жыццё працаваў у канструктарскім бюро завода па вырабу вентылятараў, а калі выйшаў на пенсію, пераехаў жыць у іншы горад – бліжэй да сына і ўнукаў, як сказаў сваім былым супрацоўнікам. Праводзячы ветэрана працы на новае месца жыхарства, яны паабяцалі не забываць Сяргея Іванавіча.

— Ты толькі пакліч, і мы заўсёды акажамся побач з табой! – ударыў у грудзі інжынер-канструктар Ціханчык. – Не забывай і ты нас, шаноўны! Тэлефануй! І помні: у цябе сярод нас багата сапраўдных сяброў, у тым ліку і я. Нас не разлучаць адлегласці, жыві і вер!..

Праз нейкі час у Сяргея Іванавіча надарыўся юбілей – сямідзесяцігоддзе. У канструктарскім бюро доўга не вагаліся, каго адкамандзіраваць у суседні горад, каб той ад імя калектыву павіншаваў ветэрана з днём нараджэння. Канешне ж, Ціханчыка! Усе добра помнілі, як ён абдымаў на вакзале Сяргея Іванавіча і слёзна прасіў не забываць калектыў. І мы цябе, маўляў, ніколі не забудзем, любы дружа.

Былыя супрацоўнікі скінуліся па некалькі тысяч, за якія купілі падарунак імянінніку і вымеркавалі, вядома ж, грошы на аўтобус Ціханчыку. Пажадалі таму шчаслівай дарогі.

У панядзелак Ціханчык на працу не выйшаў. З дарогі чалавек, рашылі ў канструктарскім бюро, то не выспаўся, мусіць, няхай адпачне. Усё ж на дні нараджэння быў. Не будзем турбаваць. А на наступны дзень Ціханчык гучна і ўзнёсла апавядаў усім, як добра прайшоў у Сяргея Іванавіча дзень нараджэння і як дарэчы быў ягоны візіт на гэтым мерапрыемстве.

— Калі я ўручаў падарунак юбіляру ад ўсіх вас, сябры мае, вы б толькі бачылі, як ён расчуліўся, пусціў нат скупую мужчынскую слязу. – Ціханчык ажно сам хлюпнуў носам і прамакнуў насоўкай вільгаць на вачах. – Што значыць – увага, сябры мае. Ён вам усім перадае, дарэчы, прывітанні. Жадае моцнага здароўя і поспехаў у працы.