Читать «Высокі страх» онлайн - страница 8

Васіль Ткачоў

— Ты здагадлівая, Верка, – пахваліла сяброўку Насця. – А, ведаеш, давай што зробім? Прянясем ежу кошцы. І абавязкова вады. Бо гаражы – паспрабуй дакраніся – нагрэліся на сонцы, і кацяняткам паміж імі няма, мусіць, чым дыхаць. Толькі як жа мы яе туды пададзім, ежу і ваду?

Насця і Верка па чарзе нават паспрабавалі падабрацца да кацянятак – дзе там! Зусім вузкая прарэха паміж гаражамі. Аднак, рашылі, пакуль не гэта галоўнае: спярша трэба збегаць дадому, прынесці ежу, а потым што-небудзь прыдумаецца. Не бывае безвыходных сітуацый. Так і зрабілі. І яшчэ яны зрабілі вось што: Насця забегла ў дзіцячы садок, ён якраз побач, і прывяла за руку сваю маленькую сястрычку Ірынку. Той нават не трэба было праціскацца паміж гаражамі – яна прайшла да кацянятак, нібы па тратуары. Паставіла слоік з вадой, а побач паклала кавалачак каўбаскі і хвосцік рыбы.

— Дзякуй табе, Ірынка – сказала Насця.

Ірынка ўсміхнулася: ёй было радасна ад таго, што зрабіла. А яшчэ больш радасна стала ёй тады, калі яна ўбачыла, як з’явілася мама кацянятак і пачала сілкавацца, раз-пораз з удзячнасцю паглядаючы на дзяўчынак.

Дома, за вячэрай, Насця расказала маці і тату, як накармілі яны сёння кацянятак. Дарослыя пахвалілі дзяўчынак. А тата нават папытаў, хітравата паглядзеўшы на дачушак:

— Дык хто вы цяпер у нас будзеце?

Сёстры задумаліся. Выручыў іх ён сам:

— Вы – выратавальніцы. Малайцы!

Пасля кароткага маўчання Насця сказала:

— І Верка таксама выратавальніца. Праўда ж?

— І Верка таксама ,– ледзь не ў адзін голас адказалі мама і тата.

Дзяўчынкі ніколькі не пашкадавалі, што ў іх не засталося ў той дзень часу пагуляць на двары.

ДАРОГА

Максімка разам з татам сабраліся ў суседнюю вёску – праведаць бабулю з дзядулем. Папярэдне яны купілі ў мясцовай краме гасцінцаў для старых і, паснедаўшы, накіраваліся на аўтобусны прыпынак. Ён недалёка ад хаты. Селі там пад картузікам на лаву, чакаюць. Пазней тата нервова пачаў раз-пораз паглядаць на гадзіннік: аўтобус ніяк затрымліваецца, павінен ужо быць, а яго – няма. Можа, зламаўся? І тады тата, пачакаўшы яшчэ трохі, прапанаваў сыну:

– А давай, Максім, пехам пойдзем, а? Што нам той аўтобус! Ці ж у нас ног няма?

Хлопчык насупіўся:

– Я пехам не хачу. Гэта ж няблізка. Ды і навошта тады аўтобус прыдумалі?

– Бачыш жа: няма яго, аўтобуса, – роспачна развёў рукамі тата.

– Лепш пасядзім, пачакаем, – Максімка, седзячы на лаве, боўтаў нагамі. – А то пойдзем, а ён нас дагоніць. Тады крыўдна будзе. Ішлі, ішлі, і ўсё дарэмна…

Тата не стаў пярэчыць. Сядзяць, чакаюць аўтобус. Маўчаць. І размаўляць быццам ім няма аб чым. Усё ж тата не вытрымаў, першы ўзняўся з лавы:

– Аўтобуса, відаць, сёння не будзе. Тады давай зробім так: паколькі ты лянуешся ісці ў госці да дзялулі з бабуляй, то даставайся дома, а я пайду адзін. Добра?

– Не, пайшлі, тата, разам, – пагадзіўся хлопчык і хуценька скочыў з лавы: ён ужо засумаваў па бабулі з дзядулем.

Перад імі легла дарога. Сын і бацька, узяўшыся за рукі, крочылі па ёй, а яна заасфальтаванай стужкай бегла і бегла наперад. Свяціла сонейка, твары абдуваў свежы ветрык, а ў небе вісеў жаваранак і, здавалася, радуючыся людзям, пасылаў ім з неба сваю песню.