Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 14

Васіль Ткачоў

Зноў падаў голас Тамаш:

– Гэта цяпер ён ціхі. А тады шандарахне, як у сорак першым!

– Не дай Гасподзь! – перахрысцілася бабка Антося.

– За намі справа не стане, – паабяцаў дзядзька Хвядос, які да гэтага больш маўчаў.

На што атрымаў ад Тамаша:

– А ты за ўсіх у ведамасці не распісвайся!

За дзядзьку Хвядоса заступілася Варка:

– Хвядос праўду кажа: за намі не стане!

– Верна-а! – грымнуў магутным голасам Мікіта.

– Вайну вынеслі не на чужым гарбу, што тут языком малоць! – сказала Лізавета.

– І я падстаўляла... – бабка Антося нават крыху прыгнулася, каб паказаць усім, як падстаўляла яна свой горб.

Тамашу і такое не спадабалася, махнуў рукой на старую:

– Ды што ты падстаўляла, мы ведаем!..

Усе засмяяліся, а Тамаш яшчэ больш задраў нос. Мікіта паглядзеў на Козырава, папрасіў таго:

– Давай, таварыш, слухаем.

– Ага, – бы схамянуўся райкомавец. – Не думайце, што партыя і ўрад не ведаюць пра вашу вёску...

– Пра нашу... вёску? – натапырыў ажно, падалося, вушы Тамаш, засмяяўся. – Мужыкі, чулі? Пра нашу Гуту ў Маскве ў тры лапці званілі! Вось у гэтым я сумняваюся.

Дзядзька Хвядос нялюба паглядзеў на Тамаша:

– Ты зноў суперак усіх?

Бабка Антося таксама прыгадала:

– Адзін раз цябе ўжо вытурылі з хаты, калі сход быў. Ці хіба забыўся?

А Лізавета нават штурханула Тамаша ў плячо:

– Ды ўгаманіся ты нарэшце!

Тамаш крыху нават пакрыўджана паглядзеў на райкомаўца, развёў рукамі:

– Бачылі? Культура! Слова не даюць сказаць. А я, можа, усёй душой... усім целам...

Мікіта падцягнуў Тамаша бліжэй да сябе, цыкнуў:

– Не шавяліся! І каб ціха мне!..

Козыраў жа працягваў гаварыць далей, а мы паглядалі на Тамаша, якога моцна трымаў каля сябе Мікіта. Райкомавец сказаў колькі слоў пра нейкі пленум, а тады паабяцаў лесу. Людзі ажывіліся.

– Лесам паможам. Паможам, таварышы, лесам. Так што калі хто хоча адбудоўвацца, можа брацца за сякеру і пілу.

А я ўспомніў пра нашу хату, пра яму, што засталася на яе месцы, і пашкадаваў, што ў мяне няма ні пілы, ні сякеры. Хутчэй бы вярнуўся ўжо тата з вайны. Хутчэй бы. А без яго трэба сядзець і не рыпацца.

– Лес – гэта добра, – ступіла бліжэй да рай-комаўца Варка. – Дзякуй, таварыш, за ўвагу. Але вось Тамаш відаць праўду кажа, што ні цвікоў нідзе, ні шкла... І нават ніводнага быка няма, каб ягоным пузыром шкло тое замяніць.

Тамаш, пачуўшы, што пра яго размова, вырваўся. Петрык штурхануў мяне ў бок:

– На волі!.. Зараз ён пачне!..

Мікіта ж апраўдваўся:

– Не ўтрымаеш гэтага Тамаша. Стары, стары, а ўваротлівы, чорт!

Козыраў зрабіў Мікіту заўвагу:

– Вы яго не трымайце. Ён жа не арыштант.

Тамаш адышоў падалей ад Мікіты, скоса глядзеў на яго:

– І я гавару: не арыштант. Таму не лапай, раз не арыштант.

Лізавета ўздыхнула:

– Надакучыў, сілы няма. Слухай, Тамаш... Ты вось гаворыш: ні цвікоў, ні шкла... А сам дзе ўзяў? Людзі не паспелі слёзы з вачэй сцерці, а ты ўжо хату пачаў будаваць.

– А я, можа, у немцаў краў!

Калі Тамаш сказаў пра немцаў, нам з Петрыкам ажно смешна стала, бо мы ўявілі, як бы і сапраўды мог красці стары ў фашыстаў. І не ўяўлялася. Во хлус дык хлус! А Тамаш сыпаў далей: