Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 11

Васіль Ткачоў

А дзядзьку Хвядосу не было калі і падслухоўваць таго Петрыка – ён ужо глядзеў на незнаёмага чалавека ў доўгім – ледзь не да самых пятаў – плашчы і ў новай кепцы-васьміклінцы, які моўчкі і задужа ўважліва разглядваў усё, што траплялася яму на папялішчы. Нарэшце пачаў выцягваць з-пад абгарэлых бёрнаў кола ад возу. Не атрымлівалася – перашкаджаў плашч, тады незнаёмец зняў яго, паклаў на печ, краем звесіўшы долу. Выглянуў з-за печы і дзядзька Хвядос. Убачыўшы яго, незнаёмец павітаўся:

– Шчасця вам у хату!

– Дзякуй, – крыху неяк сарамліва адказаў дзядзька. – Дзякуй. З прыцэлам, бачу, наперад гля-дзіце. А то якая ж у мяне хата? Так вось... печ адна... З ёй і трымаемся.

Незнаёмец нарэшце ўпэўніўся, што кола нікуды нявартае, адстаў ад яго і падышоў бліжэй да гаспа-дара, глядзеў таму ў вочы, настырна і доўга, быццам спрабаваў прыгадаць, дзе ж ён бачыў Хвядоса, дзе сустракаліся. Не прыгадаў. Таму сказаў коратка, але пераканаўча:

– Печ ёсць – лічыце, і хата ёсць.

– Ды яно быццам і так, канешне... – пагадзіўся , але ўсяго напалову, дзядзька Хвядос. – А вы, калі не вялікі сакрэт, кім будзеце?

Чалавек той адказаў не адразу. Спярша выгледзеў паблізу ад сябе бярозавы цурбачок, а ўжо сядаючы на яго, прамовіў:

– Настаўнік я. Да вайны дзяцей вучыў. У школцы. А цяпер ад райкома партыі.

Яны пазнаёміліся – назвалі сябе.

Пачуўшы пра райком, Хвядос ніяк аслупянеў. Потым ён пашкроб каля вуха, і яшчэ, здавалася, больш разінуў рот:

– Ад... ад райкома, кажаце?! – І нацягнуў на галаву пілотку, якую схапіў на каптурку. – Ну-ну. Добра гэта. А я, прызнацца па шчырасці, думаў, што... як бы тут сказаць... каб не апраставалосіцца... ага.

– Калі так думалі, то памыляліся. Ёсць у раёне ўлада. Была і ёсць. Савецкая. Вадой не пачастуеце мяне?

Дзядзька Хвядос замітусіўся:

– Зараз. Мы гэта зараз. Чаго-чаго, а вады хапае.

Ён знік і неўзабаве вярнуўся з поўным – да беражкоў – карцом, падаў Козыраву. Той смачна выпіў, крэкнуў, і зноў вярнуўся да ранейшай размовы:

– Цяжкавата, праўда: дзе пехам, дзе на кані, але ў кожнай вёсцы хочацца пабываць. Дабраўся, дзякаваць Богу, і да вас.

– Вядома, вядома,– трос галавой дзядзька Хвядос.

А Козыраў працягваў:

– Каб знаць-ведаць, што засталося пасля немца...

– А што засталося? – дзядзька Хвядос паказаў рукой на папялішча. – Вось усё, што засталося, перад вамі... як на далоні. Адны галавешкі – такія ж чорныя, як і жыццё людское. Прабачце, можа што не так сказаў...

Так ці не так, але як на наш з Петрыкам розум, дык і правільна. Няма чаго нос задзіраць, калі парткі дзіравыя. Пагадзіўся з дзядзькам Хвядосам і важны райкомаўскі госць, але выгляду не падаў, а толькі сказаў, што ў нашай Гуце хоць там- сям хаткі віднеюцца, а ёсць жа вёскі... І ён махнуў рукой, бы шабляй:

– Былі!.. Эх, жыццё-бляшанка! Вот мне сказалі: калгасы трэба ўзнімаць. Хлеб вырошчваць. Парсючкоў. Каровамі абзаводзіцца. Дзе толькі іх возьмеш, рагуль тых? Коні... коні ёсць?

Дзядзька Хвядос паскроб пальцам за вухам, хехекнуў:

–Коні? Коні ёсць... Адзін. Белы. І тое не конь – баба...

Козыраў насцярожыўся: