Читать «Булачка» онлайн - страница 7

Васіль Ткачоў

– Значыць, абутак купляеш? –затрэсла галавой Танюша. – І гэта ў той час, калі ў халадзільніку вецер гуляе... калі ў мяне панчохі ўсе дзіравыя... калі...

– Не разумею... – павёў плечуком Лыжкін. – Ты ж сама сказала: бяры, і не раздумвай, чаравікі вельмі добрыя... і цана не кусаецца.

– А што я пры чужым чалавеку павінна была гаварыць? Скажы мне, пень? Не магла ж я адправіць яго за парог са сваімі чаравікамі. Што б ён тады пра мяне падумаў? Ды і пра цябе, га? Эх, бядота ты, Лыжкін, а не мужчына. Навошта макацёр на плячах носіш?

Назаўтра Лыжкін панёс чаравікі былому аднакласніку Птушкіну, бо яму яны вельмі... ціснулі.

ПАВІНШАВАЎ!

Крыху не пашанцавала капітану Бярозкіну: уначы падраздзяленне, якім ён камандуе, было паднята па трывозе, потым – марш, раён вучэнняў, якія абяцалі зацягнуцца не на адны суткі. Іншы б раз Бярозкін не хваляваўся – ці ж упершыню яму калець разам з салдатамі на тых вучэннях? Хваляваўся ж з аднае прычыны – вось-вось павінна жонка нарадзіць першынца. А тут – трывога, і яна засталася сам-насам са сваімі клопатамі. Суседзі, праўда, памеліся панаглядаць за жонкай, выклікаць, калі спатрэбіцца, «хуткую дапамогу». Гэта трошкі суцяшала, супакойвала афіцэра. А яшчэ камбат прыкамандзіраваў часова да кватэры капітана Бярозкіна радавога Самардака, які толькі што выпісаўся са шпіталя і набіраўся моцы ў казарме. У абавязкі Самардака ўваходзіла: схадзіць, калі будзе патрэба, у краму па прадукты для жонкі камандзіра, вынесці смецце, прапаласосіць, пацікавіцца, патрэбна яшчэ ў чым дапамога ці не. Самардак – салдат паслухмяны, працавіты, дамавіты, і такая служба – прынесці-падаць – яму вельмі спадабалася. А паколькі раней ён жыў на Украіне, то аднаго разу нават прыгатаваў смачны наварысты борш і пачаставаў ім жонку капітана Бярозкіна.

Неўзабаве ў Бярозкіна нарадзіўся сын. Пад акном радзільні радавы Самардак доўга таптаўся з кветкамі, якіх наскуб на клумбе ў гарадку, павіншаваў парадзіху, а потым тая – з акна трэцяга паверха – прадыктавала яму змест тэлеграмы, якую павінен быў Самардак адправіць у Н-скі гарадок капітану Бярозкіну.

Капітан Бярозкін атрымаў тэлеграму наступнага зместу: «Мілы каханы віншую цябе сынам абдымаю цалую радавы Самардак».

ВЯРНІЦЕ БАРАБОЛЬКУ!

Што люблю, дык гэта тэатр. Скажаце, таксама тэатрал знайшоўся ў Беражках! На карце спярша пакажы, дзе жывеш, а потым пахваляйся. Яно праўда: нашы Беражкі не на кожнай карце адшукаеш, але ж адно аднаму не псуе – тэатр жа ў нас ёсць, свой, самадзейны, яму яшчэ да народнага клыпаць ды клыпаць, праўда, але, бывае, такі спектакль мужыкі ды бабы адчыбучаць, што і ў самім Мінску каму-небудзь ікнецца. Таму ж мо Раеўскаму. Таленты, адным словам, не звяліся, тэатралы – таксама, на «Марыях» не ўсе памяшаліся. Так што калі будзеце ў нашых Беражках ці паблізу дзе – заходзьце на спектакль. Не пашкадуеце. Адзін толькі нюансік: закончыў сваю тэатральную кар’еру трактарыст Мішка Бараболька, артыст характарны, хахмач яшчэ той, але не бяда – і астатнія, так сказаць, нешта ўмеюць, хоць да Мішкі ім і далекавата. Нездарма ж яму – у знак удзячнасці за вернае служэнне мясцовай сцэне і з лёгкага слоўца самога Бараболькі! -- надалі землякі ганаровае званне «заслужаны артыст Беражкоў!» Ён першы пакуль і адзіны пры такім высокім чыне. І, трэба сказаць, атрымаў заслужана. Як гэта ён умудрыўся, пытаеце? А-а, і вам цікава. Таму раскажу.