Читать «Булачка» онлайн - страница 3

Васіль Ткачоў

Ён вылез з-за стала, узяў на століку часопісы з надрукаваным раманам, паторкаў іх у рукі сыну, нявестцы, дачцэ, зяцю...

Адзін часопіс застаўся. Сцёпкін зірнуў на жонку, але, уздыхнуўшы, безнадзейна махнуў рукой і штурнуў яго на канапу.

– Яны прачытаюць, Яначка, прачытаюць, – зашчабятала жонка. – Табе, можа, яшчэ чарачку?

– Чарачка пачакае,– памяркоўна глянуў на жонку Сцёпкін: хай адчуе, што сёння ён можа сам пагаспадарыць за гэтым сталом не горш, як яна. Потым скіраваў вочы ў бок дзяцей. – А вам, шаноўныя, во што скажу: калі прачытаеце раман – прыходзьце. Праз тыдзень не будзе вас – спозніцеся: у мяне пуцёўка ў дом адпачынку.

... Праз тры дні дзеці расказвалі Сцёпкіну змест яго новага рамана.

КАРАСІ НА ПЯСКУ

Усё пачалося з пісьма ад сына Міхася, які паведамляў, што прыедзе не адзін, а з дзяўчынай, будучай жонкай.

– Трэба сустракаць, – сказаў Матруне Лявон.– Запросім гасцей, сваякоў і суседзяў, каб з Міхасёвай маладзічкай пазнаёміліся, мо і вяселле справім. Рыхтавацца трэба. Паглядзі, колькі ў нас цукру, Матруна. Ці хопіць на гэтае... Ну, сама ведаеш... Гарэлка ў краме надта ж дарагая... Адным словам, будзем рыхтавацца...

Як толькі ў бочцы спынілася бульканне, Лявон сказаў сам сабе: «Час».

Назаўтра раніцай, калі вёска яшчэ спала, Матруна на плоскадонцы адвязла Лявона на востраў, а сама вярнулася дахаты. Але ўсё ж сусед Понцік убачыў, што Канапелька павалокся праз агароды да возера з такімі-сякімі прычындаламі. Понцік меў на Лявона зуб, і таму вельмі ўзрадаваўся, падцягнуў штаны і адразу ж пашкандыбаў да ўчастковага, рашуча пагрукаў у акно. Неўзабаве паказаўся заспаны твар міліцыянера Кузоўкі.

– Ну, што здарылася? – праціраючы вочы, спытаў той.

–Ты во спіш, а Лявон на востраве чымергес цісне. Штрапуй! Усіх штрапуеш, а яго што – не бачыш? Ці мо ты праз аднаго штрапу даеш? Глядзі, хоць ты мне і радня, але магу і вышэй заявіць. За Понцікам не заржавее.

Участковы толькі ўздыхнуў. Задаволены Понцік вярнуўся дамоў, злосна пачэсваючы рукі: во,ты, Лявоне, цяпер запяеш мне Лазара. Будзеш ведаць, як лезці са сваёй прасціной.

Лявон тым часам прыладкаваў апарат, расклаў цяпельца, і неўзабаве ў трохлітровы слоік капнула першая кропля...

Стары не адразу пачуў плёскат вёслаў па вадзе. Насцярожыўся – на бераг насоўвалася міліцэйская фуражка. Напалоханы Лявон адразу кінуў усё і схаваўся ў хмызняку, пачаў назіраць, што ж робіцца каля яго апарата...

– Лявон, выходзь! Твой агрэгат, адразу пазнаў,– пачуў стары голас Кузоўкі. – Не хавайся. Будзем акт складаць. Ад закону не схаваешся.

«Не, смалы... – разважаў Лявон. – Гэтак мяне не возьмеш. Яшчэ невядома, хто каго...»

Кузоўка пахадзіў-пахадзіў вакол апарата, паклікаў яшчэ Лявона, а потым заўважыў, што цяпельца прытухла, перастала капаць у слоік. Як чалавек гаспадарлівы, ён падкінуў дроў, і чымергес зноў пабег танюткім раўчуком.

«Што ён тут вырабляе? Мо зняць пробу?» – участковы падставіў шклянку, і калі нацадзілася грамаў сто, адламаў ад бохана добры кавалак хлеба, выняў жа з Лявонавай торбачкі сала, цыбуліну, зірнуў у той бок, дзе хутчэй за ўсё хаваўся самагоншчык, і зарагатаў: