Читать «Бронзавы век нa тэpытopыі Беларусі» онлайн - страница 24

Міхась Чарняўскі

Найбольш раннія пасудзіны, якімі карысталіся першыя, пранікшыя на тэрыторыю Беларусі носьбіты культуры шнуравой керамікі, былі арнаментаваны сціпла. Аздабленне часта абмяжоўвалася некалькімі гарызантальнымі адбіткамі шнура, абкручанага па сырой гліне пад краем пасудзіны, або паскам кароткіх нарэзак ці насечак, размешчаных ялінкай. Часам гэтыя ўзоры акантоўваліся па ніжнім краі кароткімі насечкамі, размешчанымі вертыкальна ялінкай або лукаткай. У другой чвэрці II тысячагоддзя да н. э. посуд пачынае арнаментавацца багацей, I хоць узор у рэдкіх выпадках пакрывае ўсю паверхню сценак, аднак ён набывае шматзанальнасць i ўзбагачаецца новымі элементамі. У арнаментах пачынаюць дамінаваць наразныя лініі, гарызантальныя адбіткі шнура, якія іншы раз расчляняюць узор на зоны. Шырока распаўсюджваюцца запоўненыя нарэзкамі трохвугольнікі, Пастаўленыя пачаргова на вяршыні i асновы, яны запаўнялі цэлыя паясы. Знізу i зверху арнаментаванае поле, бывала, акантоўвалася паскамі з вертыкальных кароткіх насечак або нарэзак. Яшчэ можна ўбачыць звісаючыя фалды, аблямаваныя па краях. Па-ранейшаму прысутнічае ў арнаментах ялінка. Яна іншы раз утваралася i тарцовымі адбіткамі лапаткі. Сустракаюцца i рамбічныя ўзоры, надзвычай падобныя на нашы сучасныя арнаменты.

На позніх этапах паўночнабеларускай культуры, якая фарміравалася ў познім неаліце i існавала ў ранняй бронзе, на пласкадонных пасудзінах найчасцей сустракаюцца ўзоры ялінкі i лукаткі, што пакрывалі вырабы ад брыжа да самага дна. Пазней арнамент канцэнтруецца толькі на шыйцы гаршкоў. Вельмі часта аздаблялася i плоскае дно пасудзіны. Пры гэтым на яго амаль заўсёды наносіліся салярныя знакі — адзінарныя i двайныя кругі, у якія былі ўпісаны крыжы, З рэдкіх узораў на кераміцы паўночнабеларускай культуры адзначаны вясёлкі, трохвугольнікі з ямачак, квадраты, запоўненыя вертыкальнымі i гарызантальнымі насечкамі.

На некаторых раннябронзавых пасудзінах з тэрыторыі Беларусі прыкметны перажыткі мясцовай неалітычнай традыцыі — ямачкі пад. брыжам, грабеньчатыя ўзоры.

У сярэдні бронзавы век у арнаментах на кераміцы з'яўляюцца баразёнчатыя элементы i адбіткі тонкага арнаменціра з абматаным вакол яго шнурком або ніткай — ружанцавыя ўзоры. Арнаменты на сярэднебронзавых гаршках перамяшчаюцца ўверх. Спрэс упрыгожаныя экземпляры сустракаліся пераважна толькі ў Падняпроўі ў зоне распаўсюджання сосніцкай культуры. На першым часе i ў сярэднюю бронзу пры аздабленні керамікі практыкавалася многазанальнасць. У большасці выпадкаў гаршчок або міска аздабляліся на венцы гарызантальнымі баразёнкамі або ружанцавымі адбіткамі, ніжэй якіх размяшчаліся звісаючыя ўніз трохвугольнікі або лукаткі. Узор часам дапаўняўся дробнымі наколкамі, насечкамі. На некаторых пасудзінах меўся шэраг глыбокіх ямак пад брыжам i былі грабеньчатыя адбіткі. Сустракаліся i шнуравыя арнаменты, але значна радзей, чым у раннябронзавы час.

Для сярэднебронзавай культуры Падняпроўя характэрна больш арнаментаваная кераміка, у якой было шмат ружанцавых i шнуравых элементаў. Часам аздабленне гаршкоў дапаўнялі налепныя валікі.