Читать «Тры старонкі з легенды» онлайн - страница 10

Генадзь Бураўкін

Надзя не заўважыла, як думкі закружылі, залюлялі яе — і самі сабой заплюшчыліся павекі. Пасля знямогі, пасля страшэннага нервовага напружання прыйшоў сон.

Трошкі пазней заснуў і Ваня. I снілася яму сіняе высокае неба і самалёт. З чырвонымі зоркамі на крылах. А ў кабіне пілота ён — у шлеме, у цёплай лётчыцкай куртцы. I свяціла блізка сонца. I больш нікога, нікога не было ў небе...

Раніцай паліцай адвёў іх да немцаў, у палявую жандармерыю. У кабінеце, куды іх упіхнулі, сядзеў афіцэр і штосьці пісаў на вялікім аркушы паперы. Пісаў ён доўга і нібы зусім не заўважаў іх. Нарэшце заклеіў канверт і з пісьмом выйшаў. Надзю ажно скаланула — у акно, трэба сігануць у акно! Яна паднялася ўжо, але Ваня тузануў яе назад:

— Пад акном варта...

Малайчына, Ваня! Заўважыў. А яна не звярнула ўвагі. Ёй стала няёмка: разведчыца, а магла так недарэчна выдаць сябе.

Афіцэр вярнуўся. Сеў за стол, закурыў. У Надзі заказытала ў горле ад папяроснага дыму, і ўсім целам сваім яна адчула голад.

— Ну, будзем пачынаць,— звярнуўся да арыштаваных афіцэр.— Я з'яўляюся нямецкі афіцэр,— ён падняў вочы на партрэт Гітлера, які вісеў у яго над сталом, і памаўчаў хвіліну, нібы памаліўся на свайго фюрэра.— Мы вызваляем ваш народ ад бальшавік... Вашы бацька на фронт?

Надзя і Ваня закруцілі галовамі:

— Не... Мы — дзетдомаўцы...

— О-о... Дзетдом... Вы — сірот?

— Ага...

— Бедный дзеці... З дзеці мы не ваюй... Мы хочам дзеці шчасця... Мы забірай Масква. Мы разбівай Красна Армія...

Надзя не разумела, навошта ён гаворыць ім усё гэта глупства. Няўжо думае, што яны павераць? Але ўсім сваім выглядам яна старалася паказаць, што не прапускае ніводнага слова афіцэра, што кожнае з іх западае ёй у самую душу.

— Мы даём Беларусь свабода... Мы харошы чалавек не страляй. Мы страляй нехарошы чалавек, партызан. Вы нам сказаць, дзе жыве партызан...

— Што? — Надзя не зразумела.

— Вы... нам...— афіцэр памагаў сабе жэстамі, тыцкаючы пальцамі то ў свае грудзі, то ў іхні бок.— Сказаць... дзе... атрад партызан...

— Дзе партызанскі атрад? — перапытала Надзя.

— Я... Я...— заківаў галавой фашыст.

— Я не ведаю.

— I я не ведаю,—- шчыра развёў рукамі Ваня. Афіцэр паморшчыўся:

— Я ведай — вы быў Віцебск... выконваў заданне.

— Не былі мы ў Віцебску,— захныкала Надзя.— Гэта выдумаў той паліцай... Мы хлеба прасілі...

Афіцэр устаў з-за стала.

— Не плакай... Салдат вялікай Германіі не любіць няпраўда. Вы быў Віцебск. Вы знай, дзе партызан... Вы... павінен сказаць, а то мы будзем вас страляй...

— Ну і страляйце! — вырвалася ў Надзі.— Страляйце. Чаго чакаеце?

— О-о! — афіцэр узяў са стала яшчэ адну папяросу.— Істэрык... Я не хачу істэрык... Вы быў Віцебск...

— Мы не былі ў Віцебеку,— падаў голас Ваня.— Пан афіцзр, вам сказалі няпраўду. Паліцай сказаў няпраўду...