Читать «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу» онлайн - страница 16

Сяргей Кавалёў

Значэнне пратэстанцкіх канцыяналаў для культуры Беларусі эпохі Рэнесансу бачыцца перш за ўсё ў тым, што, актыўна выкарыстоўваючы паэзію і музыку дзеля сакралізацыі штодзённага побыту чалавека, аўтары зборнікаў тым самым паэтызавалі, умузычнялі побыт, насычалі жыццё нашых продкаў праявамі высокага мастацтва.

І. 2. ПЕРШЫ ЎЗОР ПАЛІТЫЧНАЙ ПАЭЗІІ: “ДА ПАЛЯКАЎ І ДА ЛІТВЫ” А. ВАЛЯНА

Першым узорам палітычнай паэзіі ў шматмоўнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу з’яўляецца верш “Do Polaków i do Litwy”, змешчаны ў кнізе “Rozmowa Polaka z Litwinem”. Кніга была выдадзена ананімна , без указання даты і месца выдання. Напісаў яе, паводле меркаванняў як польскіх, так і беларускіх даследчыкаў, вядомы гісторык і юрыст, віленскі войт Аўгуст Ратундус, а надрукаваў у 1564 - 1565 гг. у Бярэсці паэт, кампазітар і друкар Цыпрыян Базылік (Nowak-Dłużewski 1966: 271 – 272; Лабынцаў 1990: 169). Верш “Да Палякаў і да Літвы”, падпісаны крыптанімам “А.W.”, належаў пяру Андрэя Валяна, на той час – сціплага сакратара Мікалая Радзівіла Рудага, а ў будучым – выбітнага пісьменніка-палеміста, арыгінальнага ў сваіх поглядах тэолага і філосафа, дасведчанага юрыста і дыпламата.

Імя Андрэя Валяна (1530 – 1610, нарадзіўся ў Новым Мясце, што ў Вялікапольшчы , па іншых звестках – у Біюцішках каля Ашмян) можна сустрэць у шматлікіх працах, прысвечаных гісторыі рэфармацыйнага руху ў Польшчы і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Найбольшую славу прынеслі пісьменніку філасофскія трактаты “Пра палітычную, або грамадзянскую свабоду”, “Пра шчаслівае жыццё, або найвышэйшую чалавечую цноту”, “Пра ўладара і ўласцівыя яму цноты”, а таксама гучная палеміка з езуітам Пятром Скаргам у 70 – 80-х гг. ХVI ст. Свае творы А. Валян пісаў на лацінскай мове (у тым ліку і вершы). Па-польску пісаў прыватныя лісты і браўся за пераклад з лацінскай мовы кнігі М. Барлетыуса “Гісторыя пра жыццё і слаўныя справы Юрыя Кастрыёта, звычайна званага Скандэрбергам”, даперакладзеную потым і выдадзеную ў 1569 г. у Бярэсці Ц. Базылікам.

Верш “Да Палякаў і да Літвы” з’яўляецца літаратурным дэбютам А. Валяна, адзіным вядомым нам польскамоўным паэтычным творам пісьменніка. Ужо таму ён заслугоўвае ўвагі даследчыкаў, але перадусім – як яскравае мастацкае выяўленне незалежніцкіх, патрыятычных настрояў у беларуска-літоўскім грамадстве напярэдадні заключэння Люблінскай уніі 1569 г.

Складаны працэс узаемазбліжэння Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага знайшоў адлюстраванне ў многіх творах 50 – 60-х гг. XVI ст.: у эпіграмах Мікалая Рэя, у вершах і паэмах Яна Каханоўскага, у ананімнай паэме “Пратэй, або Пярэварацень”. Найбольшы ж розгалас выклікалі трактат Станіслава Ажахоўскага “Quincunx, гэта значыць узор Кароны Польскай” (Кракаў, 1564) і, напісаная як палемічны адказ на гэты трактат, кніга Аўгуста Ратундуса “Размова Паляка з Ліцвінам”.