Читать «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу» онлайн - страница 155

Сяргей Кавалёў

5. Цеснае перапляценне рэнесансавых тэндэнцыяў з рэшткамі сярэднявечнай эстэтыкі, асаблівасцямі беларускай ды літоўскай культуры, а ў апошняй фазе развіцця – яшчэ і з барочнымі ўплывамі з’яўляецца характэрнай прыкметай польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу. З дзвюх школаў у тагачаснай польскай паэзіі – школы М. Рэя і школы Я. Каханоўскага – польскамоўнай паэзіі Беларусі XVI - пачатку XVIІ ст. больш блізкай была школа М. Рэя, якая таксама не парвала яшчэ сувязяў з сярэднявечнай літаратурай, адчувала моцны ўплыў культуры “крэсаў” і рэпрэзентавала погляды сярэдніх слаёў шляхецкага грамадства. Рэнесансавыя, гуманістычныя рысы ў творчасці польскамоўных паэтаў Беларусі праяўляліся не так выразна, як у творчасці выхаванца Падуі Я. Каханоўскага і ягоных паслядоўнікаў, хаця індывідуальны ўплыў вялікага польскага паэта адчуваецца ў творах многіх аўтараў: П. Стаенскага, Ц. Базыліка, А. Рымшы, Я. Пратасовіча.

6. Розным жанрам польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу былі ўласцівыя адметныя рысы паэтыкі, але, калі абапірацца на найбольш агульныя, наджанравыя асаблівасці вершаваных твораў XVI - пачатку XVII стст., тагачасную паэтыку будзе правільна акрэсліць як паэтыку пераканання. Паэзія не мела яшчэ аўтаноміі ў грамадстве і выконвала функцыю, блізкую функцыям гісторыяграфіі і ўрачыстага красамоўства, ствараючы хроніку грамадскага жыцця і адначасова спрабуючы ўплываць на яго. Таму паэзія абапіралася на законы і правілы рыторыкі, імкнулася выклікаць у чытачоў прыхільнае альбо негатыўнае стаўленне да нейкай падзеі, справы, асобы; таму вершаваны твор будаваўся не адно з вобразна-мастацкіх элементаў, але і з паняційна-лагічных канструкцыяў, як прамовы на сеймах, судовых працэсах, рэлігійныя дыспутах і інш. Польскамоўная паэзія Беларусі эпохі Рэнесансу развівалася не ў рэчышчы арыстоцелеўскай традыцыі, якая важнейшай лічыла эстэтычную функцыю твора, а ў рэчышчы платонаўскай, якая галоўны акцэнт рабіла на прагматыцы літаратуры.

7. У польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу выразна адбілася эвалюцыя дзяржаўнай самасвядомасці тагачасных паэтаў Вялікага Княства Літоўскага. На першым этапе, у 50-60-х гг. XVI ст., у пераважнай большасці твораў назіраюцца праявы польскай самасвядомасці альбо абыякавасць да дзяржаўнай прыналежнасці і нацыянальных адрозненняў. Першае пакаленне польскамоўных паэтаў была перасяленцамі з Польшчы, не ўкаранілася думкамі ды пачуццямі ў палітычных рэаліях Княства, а таму “перанесла” з сабой на Беларусь сваю, чужую для чытачоў Бацькаўшчыну. На другім этапе, у 70-80-х гг. XVI ст. адбываецца прыход у паэзію мясцовых аўтараў і выяўляюцца тэндэнцыі да пошукаў уласнай Бацькаўшчыны. Паэты гэтага пакалення выраслі ў цяжкія часы Лівонскай вайны, калі пад пагрозаю апынулася само існаванне Княства як самастойнай дзяржавы. Крытычная сітуацыя паўплывала на фарміраванне іхніх палітычных поглядаў і грамадскіх ідэалаў, сваёй Бацькаўшчынай яны называлі Літву, маючы на ўвазе ўсё Вялікае Княства Літоўскае, і ў гэтай літвінскасці выяўляўся і беларускі, і літоўскі, і украінскі патрыятызм. На трэцім этапе, у канцы XVI - пачатку XVIІ ст. літвінская самасвядомасць яшчэ больш замацоўваецца ў творчасці тых паэтаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў 80-х гг. Некаторыя з іх робяць спробы пісаць па-беларуску, альбо часткова выкарыстоўваюць старабеларускую мову ў сваіх польскамоўных творах. Але паралельна з гэтым, у творчасці маладзейшых паэтаў, назіраецца рост абыякавасці да ўласнай нацыянальнай і дзяржаўнай прыналежнасці альбо пасіўнае атаясамліванне сябе з Польшчай, што станецца характэрнай адзнакай польскамоўнай паэзіі эпохі Барока. Такім чынам, ёсць усе падставы сцвярджаць, што “літвінская плынь”, якая выразна прысутнічае ў беларускай літаратуры XІХ ст. (А. Міцкевіч, Я. Чачот, У. Сыракомля, А. Ходзька і інш.) і ў польскай літаратуры ХХ ст. (Ч. Мілаш, Т. Буйніцкі, А. Рымкевіч), мела свае вытокі ў шматмоўнай паэзіі Беларусі і Літвы эпохі Рэнесансу (М. Стрыйкоўскі, Ф. Градоўскі, А. Рымша, Я. Радван, Я. Казаковіч, Г. Пельгрымоўскі).