Читать «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу» онлайн - страница 13

Сяргей Кавалёў

Да асноўнай часткі канцыяналу ў берасцейскім выданні 1558 г. далучаны дзве дадатковыя: кароткі катэхізіс “Nauka wiary krześciańskiej” (магчыма, аўтарства С. Зацыуса) і невялічкі зборнік духоўных парад і малітваў на кожны дзень “Pasterstwo domowe” Я. Сільвіуса. Пратэстанты, як вядома, значна пашырылі функцыі канцыяналу: са звыклага зборніка літургічных спеваў ператварылі яго ў дзейсны паэтычна-музычны сродак засваення біблейскага зместу і новых тэалагічных дагматаў. Каб дапамагчы простаму верніку рацыянальна ўсвядоміць тыя ісціны, якія ён ужо ўспрыняў эмацыянальнам шляхам падчас выканання песень, да спеўнікаў дадаваўся, звычайна, катэхізіс. Кальвінскі канцыянал Я. Зарэмбы наследаваў структуру канцыянала Марціна Лютэра з 1524 г., які заставаўся нязменным узорам для пратэстанцкіх канцыяналаў на працягу некалькіх стагоддзяў.

Даволі вялікі аб’ём і высокі мастацкі ўзровень берасцейскага канцыяналу сведчыць пра тое, што задуманы ён быў даўно і старанна рыхтаваўся да выдання калектывам прыяцеляў-аднадумцаў. Друкар Станіслаў Мурмэліус, укладальнік і перакладчык Ян Зарэмба, паэт і музыкант Цыпрыян Базылік, музыкант Вацлаў з Шаматул, паэт і перакладчык Анджэй Тшэцескі, тэолагі, паэты і перакладчыкі Сымон Зацыус, Якуб Сільвіус, Станіслаў Семідаліус – усе яны пратэстанцкія дзеячы з атачэння Мікалая Радзівіла Чорнага, якія прыехалі з Польшчы і аселі ў Вільні альбо Бярэсці. Наўрад ці сам віленскі ваявода і берасцейскі стараста быў ініцыятарам выдання канцыяналу: кніга прысвечана не Радзівілу, а ягонаму падскарбію Пякарскаму. Найбольш зацікаўленай у з’яўленні спеўніка асобай быў С. Зацыус, суперінтэндат кальвінскага збору ў Беларусі і Літве. На думку С. Кота, менавіта С. Зацыус даручыў Я. Зарэмбу скласці канцыянал і арганізаваў пры фінансавай падтрымцы С. Пякарскага выданне кнігі ў друкарні С. Мурмэліуса (Kot 1937-1939: 447). Нельга, аднак, недаацэньваць ролі самога Я. Зарэмбы, шляхціца беларускага паходжання з Падляшша, які прадумаў канцэпцыю зборніка, напісаў дзве прадмовы да яго, сабраў вершаваныя тэксты і ноты, сам пераклаў некалькі вершаў з чэшскай мовы.

“Pieśni chwał Boskich” – першы пратэстанцкі канцыянал, выдадзены ў Вялікім Княстве Літоўскім. Наступным быў арыянскі канцыянал “Katechism, albo krotkie w jedno miejsce zebranie wiary i powinności Krześcijańskiej...”, выдадзены ў 1563 г. ў Нясвіжы Даніэлем Лэнчыцкім у друкарні, якая належала Мацею Кавячынскаму.