Читать «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу» онлайн - страница 12
Сяргей Кавалёў
(Kot 1937 – 1939: 450).
Дэмакратычнасць, уласцівая пратэстанцкім аўтарам, у Я. Зарэмбы асабліва выразная, свядомая. Некалькі разоў падкрэслівае ён у прадмове, што сабраў песні “dla ludu prostego”, “człowieku prostemu”, ды й называе сабраныя ім творы сціпла: “piosneczki”. Затое ўвесь свой крытычны запал скіроўвае супраць прыдворнага асяроддзя і асабліва – супраць свецкіх дам:
(Kot 1937 – 1939: 451)
Цяжка паверыць, але ў першым паэтычна-музычным зборніку, выдадзеным на тэрыторыі Беларусі, мы сустракаем нараканні на засілле любоўных песень пры дварах беларуска-літоўскіх магнатаў, чуем папрокі ў адрас легкадумных паненак, якія ахвотна спяваюць песні пра сардэчныя пакуты закаханых (“łotrowskim śpiewaniem” называе такія спевы Я. Зарэмба) і пагарджаюць духоўнымі спевамі на славу Бога (“świat z pobożności szydzi”, – канстатуе ўкладальнік брэсцкага канцыяналу).
Я. Зарэмба асуджае этычныя нормы і эстэтычныя густы прыдворнага асяроддзя, але спадзяецца, што з’яўленне канцыянала выправіць нарэшце сітуацыю, што сабраныя ім песні будуць цікавымі як для простых людзей, так і для рафінаваных аматараў паэзіі і музыкі:
(Kot 1937 – 1939: 450)
Сваю заклапочанасць панаваннем свецкай культуры Я. Зарэмба выказвае і ў празаічнай прадмове “Zacnie urodzonemu panu Stanisławowi Piekarskiemu...”, адрасаванай упраўляючаму двара Мікалая Радзівіла Чорнага. Аўтар меркаваў, што з дапамогаю Станіслава Пякарскага канцыянал трапіць у рукі да набожнай жонкі князя Альжбеты і яе прыдворных паненак, каб тыя замест “świeckich firlejów, radszej sobie takiemi Duchownemi piosnkami krotofile czyniły”.
С. Пякарскаму прысвечана таксама эпіграма “Na Topór Herb pana Piekarskiego zbożnego Prawdzica krótki napis”, што сведчыць хутчэй за ўсё пра фінансавы ўдзел упраўляючага ў выданні кнігі. Вершаваная і празаічная прадмовы Я. Зарэмбы ды эпіграма невядомага аўтара на герб Праўдзіч складаюць уступную частку зборніка “Pieśni chwał Boskich”. Заўважым, што прэфацыйныя (вершы-прадмовы) і геральдычныя (эпіграмы на гербы) паэтычныя творы зробяцца неўзабаве самымі папулярнымі відамі паэзіі, традыцыйнымі элементамі кніжнай культуры Беларусі эпохі Рэнесансу.
Асноўная частка берасцейскага канцыяналу ўяўляла сабой зборнік вершаваных тэкстаў з нотамі і называлася “Piosnki”. У зборнік увайшло каля 140 розных песень, ноты да якіх напісалі прыдворныя музыканты Мікалая Радзівіла Чорнага: Вацлаў з Шаматул і Цыпрыян Базылік, словы – Сымон Зацыус, Мікалай Рэй, Анджэй Тшэцескі, Цыпрыян Базылік, Якуб Сільвіус, Станіслаў Семідаліус. Я. Зарэмба ўключыў у спеўнік некалькі вядомых раней твораў (напрыклад, верш М. Рэя) і некалькі перакладаў з розных моваў (аўтарам двух перакладаў з чэшскай мовы з’яўляўся сам укладальнік), але большасць тэкстаў была напісана спецыяльна для берасцейскага канцыяналу (напрыклад, творы С. Зацыуса і С. Семідаліуса).