Читать «Паварот на лета» онлайн - страница 28

Ніна Мацяш

* * * А ты ж і не ведаеш, ма, што з табой адбылося, Не ведаеш нават, Што ўсё, з чым зжывалася ты, чым жыла, ад цябе адцялося... Што раптам пайшлі ад цябе ўсе дарогі твае і сцяжыны, Пакінулі ўсе — Па пяклівай расе, па іржэўніку, па ажавінні. Што ўраз адступіліся і ад каленак тваіх, і ад рук тваіх грады, Адпрэчыўся кветнік, І нават над ранішнім полымем печы твая ўжо не ўлада. Не ўлада, не ўлада твая ўжо ані над дзяжою, ані над дайнічкай. Навек, незваротна Пайшлі ад цябе ўжо і смага твая, і крынічка. Сышлі і піліпаўкі ўсе твае, мама, і спасы, А ты і не знаеш, Што цэлага свету знянацку не стала ў цябе ўжо. Ні свету, ні часу... А ў тым, незамглёна далёкім, пад вернай аховай Любові і смутку Нявыказна велічна, ціха ў дуброве перадвечаровай. Разгалыя кроны варожаць змярканню ў задуме ўрачыстай. Узнёсла. Харальна. Між бурага лісту яшчэ так багата зялёнага лісту. Яшчэ нам ні разу не сніліся войны нейтронныя. Поўнім Мяхі жалудамі. Яшчэ мы адзіна пра тое, што перад вачыма, і помнім: Вунь тата, вунь мама. А вунь і мы, дзеці. Заўзята збіраем Бурштын жалудовы. І тата лагодна ўсміхаецца маме. І мама жывая... VII. 1982—IV. 1983

ТРЫ КАЛАСКІ ЛЮБОВІ І СМУТКУ

Трыпціх

1 Вось і ўсё. І за Вечнаю Брамаю весніцы, За якімі душа ўмела ў сонцы пабыць... Прымірыцца... Не прагнуць таго, што не здзейсніцца. Засяродзіцца: што тут шчэ змога рабіць? Не ўціхай толькі, памяць мая здрасаваная. Прытаўчу, прытапчу безнадзей гадаўё... Свецяць, мамачка, рукі Твае спрацаваныя. Мама, свеціць трывушчае сэрца Тваё... 2 А па начах ляцяць, як зёрны, знічкі. Ссаламянела месяца брыво. Гай амаўкае, слухае крынічку, Якая зноў спявае пра жніво. Жніво, жніво! Высокая часіна Цяжкой натомы рук і свята душ, Ганараванне кожнай каласіны, — Цяпер яе ніякі глум не руш! Яна як чалавек, прайшла ўсё пекла, — Жывою выйшла з павадку яна, Яе і падмароззе не падсекла, І суш яна змагла, і перуна! І вось цяпер, на палявым улонні, Каб кожны працаунік быў сыты, каб Лагоднеў свет — у шчырыя далоні Стакроць вяртае жыццяносны скарб. А па начах спадаюць долу знічкі. Усё празрысцей робіцца ў садах. Да ранку чуцен голас той крынічкі, Дзе з даўніх даўняў спеўная вада. Ой, лета, лета, лецейка, Даспела ў полі жыцейка. Прасіў каласочак дзявочак: — Сажніце мяне ў снапочак! Бо я ўжо ў полі набыўся, Буйнага ветру начуўся, Дробнага дошчу напіўся. А мне ўжо ў полі няміла, Сонейка тварык спаліла, Дык я паляжу ў стадоле І зноў пабягу у поле... А промні сонца ад расы абудзяць Пшаніцу, жыта, ячмяні, аўсы — І ў шчыравалыіым, у маторным гудзе Знябудзецца мінуўшчына зусім. Хай знебываецца, хай прападае — Каму маркот бясхлебіцы шкада?! Пяе крынічка, ды не дападае Да мітуслівых спеўная вада... Ты нам даруй, матуля, тваім дзецям, Што мы не ля магілы ў гэты час, Што да паўночы з шызага дасвецця Не адпускае хлебны клопат нас... Даруй, хоць так было яно адвеку, Заўжды вялося гэтак на зямлі, Што трэба дбаць пра поўныя засекі, — Не ўсім пра мёртвых думаць ёсць калі... Жывым — жывое? Што ж, жывым — жывое. Тут, можа, й мудрасць людскага быцця, Што раны нашы мы ў турботах гоім, Каб мела наша спадчына працяг. А ці ж яна адзіна ў хлебе — сале?.. Бядуе бацька: «Зводзіцца гняздо. Дзяцей бязглузда выкрадаюць далі. Нішто іх тут не ўтрымвае, нішто. Раней была зямля патрэбна, хата, А сёння — лёткай птушкаю ляці. Цяпер людзей за добрую зарплату 3 гнязда крайсвету можна адвясці. Дый робяць як?.. Здаецца, сама ў сіле, Здаецца, дужы, сыты, малады, — Крый бог, каб мы так замаладзь рабілі, — І лыжкай хлеб не сёрбалі б тады!..» Шуміць сасна над матчынай магілай... Паслухай, мама, як сасну, мяне. Усё, чым нас ты, мама, адарыла, Мы ўжо не прамарнуем, не. Якія б нам у твар вятры ні дзьмулі — Яны любоў не выстудзяць ужо. Да скону пчолам бараніць свой вулей, Свой спадак працы, сонца і дажджоў. Калі мы тут багатыя на ўсмешку, На шчырасць, на давер, на песню — мы Багатыя табой, тваёю сцежкай, Што ты ў вясну тарыла нам з зімы. Калі на сонцы не шукаем плямаў, Калі і роспач нас не заграбе, Калі й надзеі мы не здрадзім, мама, — Мы гэтым абавязаны табе. У нашым, часам з прымаразкам, леце Удосталь і маланак, і асця. Хай вам, бацькі, не плачацца па дзецях: Нам сцежкі вашы весці ў глыб жыцця. І хай кіруе векавая памяць: Дзе толькі сытасць — там душы няма. Не пакідай нас, ма!.. 3 А ў палях так жыццядарна жыта Абнімае маладую шыр! Жыта, жыта, вечны скарб, спажытак Чалавечых цела і душы! Бо ўміраюць з голаду й па людзях... Покі ж ёсць што сеяць, ёсць што жаць, Як шляхі жыццёвыя ні блудзяць — А да Хлеба існыя ляжаць. Да таго да Еднаснага Хлеба, Што збірае за адным сталом Тых, у кім гарыць адна патрэба: Наталіцца роднасці святлом. I, адчуўшы сэнс і веліч долі, Гэты сэнс і веліч перадаць І сваім унукам, каб ніколі Ім не давялося жабраваць. Каб ва ўпартым поступе да мэты Без галечы, звад і калатнеч Іх, як зерне, маладому свету Не намульваў плечы прагны меч. Каб нідзе занесены не быў ён, Меч знішчэння, — як цяпер завіс Над саспелай нівай, над рабінай, Што ўжо цяжка хіліць гроны ўніз, Над буслом, які ўжо вырай чуе І зямлі з паднебнай вышыні Па дажджах, па маразах вяшчуе Новых вёснаў сонечныя дні. Мой турботны дзень, мая Нядзеля! Лашчыць пальцы шорсткі каласок... Краю родны! Я ўжо неаддзельна Ад цябе, як ад зямлі расток. Вырві з глебы, што яго сілкуе, — І змарнее, і засохне ён. Я з табою ўсё перавякую, Што нам ні намелюць жорны дзён. Ці ж любоў альбо натхненне ўкрасці? Ёсць дзівосы свету — абразы, Ды яны ніколечкі не засцяць Мне тваёй някідкае красы. І дарогу гэту палявую У бялёсай жнівеньскай смузе Мне давеку ўжо любіць — жывую, А не ў той няўтоленай тузе, Што ў хвалёнай некалі Канадзе І па сёння смокча сваяка, І па сёння неадступна надзіць Несмяротны прывід васілька. Колькі іх — з гаротнасці, з нястаткаў — Так сябе самохаць адцялі Ад свайго народа і зямлі... Абміні мяне, такая доля, Бо няма страшнейшага ў жыцці — У чужым, у непрытульным доле Ды прытул апошні свой знайсці!.. І каліна тамка не паплача, І не тая зорка ў галавах... Нават воран там чужы пракрача, Што чужая прарасце трава!.. Смерць — яна не ў кожным разе драма... Родны дол абдымкі расхіне, І ступлю я ў ростул Вечнай Брамы 3 краскай той, што мама рвала мне, 3 тою песняй, што яна спявала. ...Толькі б ведаць, толькі ведаць мне б, Што жывы і свет, і жытні хлеб. VI.1983