Читать «Жыў роднай песняй» онлайн - страница 7

Сяргей Чыгрын

У чэрвені 1934 года польскія ўлады закрылі Навагрудскую беларускую гімназію. Большасць яе вучняў паехалі працягваць вучобу ў Вільню, а іншыя перайшлі вучыцца ў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча. Перайшоў на працу ў польскую гімназію і Антон Валынчык. Аб гэты нават са шкадаваннем пісаў часопіс “Шлях моладзі”: “Менш, на жаль, маем вестак аб заслужаным працаўніку для беларускай песьні і кампазытару Антоне Валынчыку, вучыцелю беларускай гімназіі ў Навагрудку. Апрача працы пры вядзеньні хору гімназіяльнага і агульнага, А.Валынчык зьяўляецца аўтарам цэлага раду песьняў на словы беларускіх паэтаў, як Колас, Купала, Жылка і г.д. Выступленьні хору і аркестру А.Валынчыка былі ў сваім часе ў Наваградку сапраўднай мастацкай стравай. Над народнай песьняй А.Валынчык не працуе. Апошнім часам, у зьвязку з зачыненьнем беларускай гімназіі ў Наваградку і пераходам А.Валынчыка ў гімназію польскую там жа, творчасць ягоная на ніве беларускай з канешнасьці мусіла агранічыцца. З беларускага пункту гледжаньня вялікая гэта шкода”.

Тым не менш, Антон Валынчык ад беларускаці ніколі не адыходзіў. Вядомасць і аўтарытэт яго так выраслі, што таленавітага кампазітара запрасілі ў Вільню праводзіць святы студэнцкіх хораў. Здавалася б, былі ўсе падставы замацавацца ў буйным культурным цэнтры. Але Антон Валынчык выбірае іншы шлях. Сумленне мастака падказвае яму неабходнасць пашыраць свае музычныя веды, і ён уладкоўваецца на вучобу ў Варшаўскую кансерваторыю пры Крамянецкім музычным ліцэі, дзе пад кіраўніцтвам вядомых майстроў Б.Рачкоўскага і К.Сікорскага чатыры гады вывучае “сакрэты” хормайстарскай справы, фалькларыстыку і гармонію.

У лютым 1925 года ў Варшаўскім універсітэце быў адкрыты багаслоўскі праваслаўны факультэт. Вялікае дачыненне да адкрыцця гэтага факультэта меў мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Дзіянісій (Канстанцін Валядзінскі). Сам Канстанцін Валядзінскі быў рускім чалавекам, які скончыў Казанскую духоўную акадэмію. У 1924-1948 гадах кіраваў польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой. Пасля адкрыцця праваслаўнага багаслоўскага факультэта ў Варшаўскім універсітэце, быў прафесарам гэтага факультэта.

Аднойчы да Дзіянісія завітаў Антон Валынчык  і паказаў яму свае ўласныя царкоўныя музычныя творы з прапановай надрукаваць іх. Уладыка Мітрапаліт, спасылаючыся на тое, што не з’яўляецца спецыялістам у царкоўнай музыцы, адмовіў у просьбе Валынчыку. Пры гэтым Дзіянісій дадаў, што і так маецца шмат добрых царкоўных песнапенняў.

Але беларускі кампазітар і дырыжор не пакрыўдзіўся. Пазней, у першыя пасляваенныя гады, Антон Валынчык будзе выкладаць царкоўныя спевы ў Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Вось толькі дзе падзеліся яго ўсе музычныя царкоўныя творы — пакуль невядома. Барыс Данілюк з ЗША ў лісце да аўтара гэтай кнігі паведаміў неяк, што была інфармацыя аб тым, што частку гэтых твораў нехта выявіў у Вялікабрытаніі.