Читать «Жыў роднай песняй» онлайн - страница 6
Сяргей Чыгрын
У 1929 годзе Антон Валынчык развітаўся з калектывам Клецкай беларускай гімназіі і пераехаў у Навагрудак.
Праца ў дзвюх гімназіях
Навагрудская беларуская гімназія, куды пасля Клецка прыехаў працаваць Антон Валынчык, існавала з 1919 да 1934 года. Тэрмін навучання ў гімназіі быў 8 гадоў. У ёй выкладаліся беларуская, польская, французская, лацінская, нямецкая мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусветная гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і іншыя прадметы. У сярэдзіне 1920-х гадоў у гімназіі навучалася каля 250 вучняў. Гімназія існавала на сродкі бацькоў, на ахвяраванні грамадскіх арганізацый, на адлічэнні з заробкаў беларускіх паслоў, за кошт вулічных збораў і г.д.
Беларуская гімназія ў Навагрудку мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, захаванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці, павышэнне культурнага ўзроўню, павагі да народных звычаяў і традыцый. У гімназіі дзейнічалі самадзейныя харавы, вакальны, танцавальны, літаратурны, драматычны гурткі, аркестр, спартыўныя секцыі. Вучні выдавалі нават свой часопіс на шапірографе.
Вось там да 1934 года Антон Валынчык выкладаў спевы, а таксама арганізаваў хор і аркестр, бадай ці не самы найлепшы ў Заходняй Беларусі. Пра адзін з канцэртаў у Навагрудскай беларускай гімназіі музыказнаўца Ірэна Здановіч тады пісала: “Праграма была вельмі разнастайная. Разнароднасць песень, пераплеценая з канцэртамі на мандалінах і танцамі, пакінула незнішчальнае ўражанне… Цудоўнай была кампазіцыя Валынчыка “Вечарам”. На гэтую мелодыю я звярнула ўвагу яшчэ намнога раней. Часта, ідучы вечарам да хаты, я з-за муроў беларускай школы слухала выплываючую адтуль сумную, журботную песню глухога вечара, якая раптам ператваралася ў сімфонію птушынага шчэбету, поўуму лісцяў. Спынялася я тады і доўга ўслухоўвалася ў гэтую дзіўную, нязнаную мелодыю”.
Не толькі талент Антона Валынчыка цанілі музыказнаўцы. Напрыклад, выкладчык музыкі і спеваў Навагрудскай польскай дзяржаўнай гімназіі імя Адама Міцкевіча прафесар Лозінскі вельмі часта прыводзіў свае класы ў беларускую гімназію, каб паслухаць рэпетыцыі хору Валынчыка. Дзеці займалі месца на самых апошніх лаўках і ціха сядзелі да канца рэпетыцыі. Прафесар Лозінскі глыбока шанаваў Антона Валынчыка і шчыра пакланяўся яго самабытнаму таленту. А Андрэй Чэмер згадваў: “Кожнаму, хто сустракаўся з Валынчыкам, назаўсёды запомнілася высокая культура і шчырая спагаднасць гэтага чалавека. Яго сонечны характар нагадвае мне дзядзьку Язэпа Драздовіча і Пётру Сергіевіча. Відаць, гэта адметная рыса вялікіх мастацкіх талентаў”.