Читать «Чытаю тайнапіс вачэй» онлайн - страница 13

Генадзь Бураўкін

ЭЦЮД РЭЎНАСЦІ Нядаўна быў я чысты, Як дзіця, Не кранутае цвіллю недаверу, I чалавеку верыў больш, чым зверу, I кожны дзень чакаў я адкрыцця. О Божа мой, Як ты змяніла ўсё, Як зруйнавала свет сваёю здрадай! Цяпер я менш тваёй усмешцы рады, Чым позірку прыручаных ласёў. Цяпер я лепей птушкам занясу Маю, Табой адпітую, Пяшчоту. Хай п'юць з маёй далоні, Як расу, Ні кроплі не пакінуўшы на потым. Нічога не чакаю я, Ані. Хай зерне шчасця склёўвае сініца... Чаму дала ты права мне ўсумніцца У вернасці людской і дабрыні?.. * * * Сябе да адзіноты прывучаю, А шэпт твой горкі ўсё па сэрцы б'е, Як жураўліны кліч, Як крык адчаю: "Я так засумавала без цябе!" Навошта зноў? Усё даўно забыта, Закрэслена маршчынкай на ілбе, Я нашых сцежак болей не разблытваў — Рассек I за сябе, I за цябе. Ды толькі над разлівам іван-чаю, Над палыном ссівелым У журбе, Як жураўліны кліч, Як крык адчаю, Плыве: "Я так сумую без цябе!" * * * Я ніколі наш сад не забуду, Дзе сінічкі ўзляталі гурбой, Дзе, як вечнаму весняму цуду, Мы дзівіліся бэзу з табой, Дзе аддаў табе ў рукі пастронкі Ад свайго залатога ярма, Дзе свае запаветныя гронкі Раніцой для цябе адламаў... Тое ўсё — Як за дальняй гарою. Ды, знябыўшы і сум, і бяду, Я аднойчы Асенняй парою Да забытага бэзу прыйду. Будзе мокры лісток целяпацца. Будзе стынуць пад ветрам шчака Будуць доўга Азяблыя пальцы Маладую галінку шукаць... РАЗВІТАННЕ 3 ВЕРАНІКАЙ

Максіму Багдановічу

Ён нахіліўся над сталом Пралескай позняю паніклай. Самота стыне над чалом. А вусны трызняць Веронікай. Яна, Як месяца святло, Яму ўжо не сагрэе грудзі. Такой, Як сніў ён, Не было. Такой ніколі ўжо не будзе. Пагасне месяц у акне, А зоркі скоцяцца слязамі. I смерць бязлітасна ўзмахне Сваімі чорнымі крыламі. Навек зламаецца вясло На пеннай хвалі ў сіняй бухце. Вачэй Максімавых святло Трывожыць больш яе не будзе. Што ж, Паўглядаліся здалёк I моўчкі разышліся жыцці... А ўсё сінее васілёк У спелым беларускім жыце..