Читать «Родам са Слонімшчыны» онлайн - страница 2

Сяргей Чыгрын

У наступным допісе Максім Бурсевіч паведамляў аб тым, што “25 снежня 1925 года звольнены з астрога жыхар вёскі Чамяры Слонімскага павета Якаў Пракапчук, 60 гадоў. Ён прасядзеў у астрозе ажно тры месяцы і звольнены без ніякага акту абвінавачання і без залогу. Пры “баданнях” не знайшлі ніякай віны, якая была б падставай для абвінавачання. Ці ж гэта не здзекі над беларускай люднасцяй?!”.

З пачатку 1920-х гадоў Максім Бурсевіч падтрымліваў сувязь з беларускімі арганізацыямі ў Вільні. А праз пэўны час яго кандыдатура была вылучана Беларускім цэнтральным выбарчым камітэтам на пасла ў польскі сейм. У чэрвені 1925 года ён увайшоў у 1-ы актыў Беларускага пасольскага клуба, а праз год быў залічаны ў склад ЦК Беларускай сялянска-работніцкай Грамады (БСРГ) і абраны кіраўніком яе Цэнтральнага Сакратарыята.