Читать «Родам са Слонімшчыны» онлайн

Сяргей Чыгрын

Сяргей Чыгрын

РОДАМ СА СЛОНІМШЧЫНЫ

Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, Родам са Слонімшчыны. — Мінск: Кнігазбор, 2003, 65 с.

Рэдактар – Ірына Беглік

Дызайн вокладкі – Аляксей Гарайнаў

Набор і вёрстка – Алег Шэлестаў

Фундатар – Юрый Булыга

МАКСІМ БУРСЕВІЧ

(1890-1937)

Знакаміты беларускі палітык, педагог і публіцыст Максім Бурсевіч нарадзіўся ў вёсцы Чамяры 9 жніўня 1890 года ў сялянскай сям’і беларусаў Тараса і Марыі. Сям’я была вялікая, таму адукацыю атрымаць удалося толькі яму і старэйшаму брату Андрэю, хлопцы закончылі Слонімскае двухкласнае вучылішча і настаўніцкую семінарыю ў Жыровічах.

Пасля заканчэння семінарыі ў 1910 годзе Максім паехаў да брата ў Ваўкавыскі павет. Можа, хацеў пераняць педагагічны досвед ці знайсці работу, але менавіта там сустрэў на хутары Тарасаўка дзяўчыну Апалінарыю Мацвееву, з якой ажаніўся. Да апошніх сваіх дзён яна была верным сябрам і памочнікам Максіма ў яго нялёгкім жыцці.

Адразу пасля вяселля пачалося іх вандроўнае жыццё. Спачатку ў 1911 годзе Бурсевіч з сям’ёй жыве і настаўнічае на Кобрыншчыне, потым — на Украіне. А ў пачатку 1922 года вяртаецца ў родныя Чамяры, дзе стаяла яшчэ бацькава хата.

У 1925 годзе, з дапамогай сваіх землякоў, Максім Бурсевіч адчыняе ў вёсцы прыватную беларускую школу. Але хутка школу закрылі. А Бурсевічу не дазволілі займацца педагагічнай дзейнасцю. Тым не менш, у сваіх Чамярах ён быў самым адукаваным чалавекам, таму прысвяціў сябе грамадскай дзейнасці. “Пераважна збіраў моладзь, чытаў ёй і тлумачыў навіны і артыкулы з беларускіх левіцовых газет. Толькі многа гадоў пасля стала вядома, што ён гэтыя газеты не толькі прывозіў у вёску, але і пісаў у іх пад псеўданімам Чупрыновіч. Словам, ён быў адзіным у вёсцы адукаваным чалавекам, які карыстаўся вялікай пашанай у сваіх аднавяскоўцаў. Неаднойчы ён выступаў на нелегальных мітынгах, якія праводзілі ў вёсцы камуністы або камсамольцы. У Чамярах ён быў не толькі прапагандыстам, больш таго — быў духовым правадыром, і ён імкнуўся гэты ўплыў на сялян захаваць”. Давайце пагартаем віленскую газету “Беларуская справа” за 1926 год і пачытаем, што пісаў Чупрыновіч (Максім Бурсевіч) пра чамяроўскія справы. У інфармацыі “Самаўрады” ён паведамляе: “У Чамярах (Слонімшчына) яшчэ да 1919 года вёўся звычай мяняць штогод грамадскага солтыса. Папярэднія солтысы, мясцовыя людзі, прымалі абавязак, калі грамада яго ім давала, але ахвотна і ўступалі — згодна з воляй сваіх выбаршчыкаў. Аднак, мусіць, няма ніводнага статка без паршывае авечкі. Становішча солтыса ў 1924 годзе грамада Чамерская даручыла свайму гр. Аляксандру Дземяшэвічу. Спачатку ён быў солтыс нішто, пакуль не распіўся. Прыйшоў час новых выбараў. Адбыліся яны ў лістападзе 1925 года, і грамада аднагалосна выбрала солтысам Антона Хвясеню. Зрабілі пратакол, падпісаліся, адаслалі і чакаюць. Праз нейкіх месяцаў два пайшлі чуткі, што Слонімскі павятовы староста пан Пшэцішэўскі чамусьці не зацьвердзіў выбараў і даручыў войту гміны В. Корчыцу зрабіць перавыбары. Прыехаў войт. Грамада сабралася, як адзін, у хаце солтыса. Солтыс быў п’яны, як дым. Не мог языком валадаць. Калі гаварыў штось, дык няможна было разабраць яго гутаркі. Грамада зноў аднагалосна выбрала свайго новага кандыдата Антона Хвясеню. Новага солтыса ізноў не зацвердзілі, а старому далі неабмежаваныя паўнамоцтвы. Дземяшэвіч назначыў сабе заступнікам Максіма Міско, і работа пайшла. Пасля новай прысягі стары солтыс пачаў піць па-новаму. А, п’ючы, каб не падгадзіць і апраўдаць давер начальства, пачаў душыць людзей і падаткамі, і фурманкамі, і дарогамі. Стогнам стогнуць людзі ад гвалтаў, а змяніць стаўленіка ўсемагутнага старосты не могуць. Мо, хіба, нашы паслы што зробяць? Вось якія ў нас самаўрады! 90 подпісаў ад 700 душ жыхароў нічога не варты. Староста скідае, староста і назначае. Пікнуць ніхто не смее! Неяк каля 25 красавіка сёл. году наляцела на вёску Чамяры Слонімскага павета гміннае начальства: войт Чамерскай гміны Вандалін Корчыц, паліцыянт гміннага пастарунку п. Сініцкі, памочнік гміннага сакратара, ды сам наш солтыс Чамерскай грамады Аляксандр Дземяшэвіч. Прыехаўшы на вёску, яны зажадалі, каб зараз жа ў адзін дзень усе жыхары вёскі заплацілі розныя падаткі за мінулыя гады. Смешна падумаць! Дзе возьме селянін грошай на падаткі за дзень, калі ён не мог іх заплаціць за некалькі гадоў! Але “начальства” пачало па-свойму. Яно проста брала ў гаспадароў усё, што пападалася пад руку. Гэтак у беднага жыхара вёскі Чамяры Мікалая Багданчука забралі усё яго збожжа: жыта каля 20 пудоў, грэчкі каля 5 пудоў, падоўжнюю пілу і папярэчнюю пілу і сякеры. Жыта і грэчку дзеткі Багданчука зарабілі, пасучы быдла сваіх суседзяў, а падоўжнюю пілу яны пазычылі ў Дзеравянчыцах, каб напілаваць дошак хоць на вокны ў хаце. І вось гэтае запрацованае цяжкай працай пастуха — забрана за падаткі. Бачачы пагражаючы сям’і голад, Багданчук уперш прасіў, каб яго, калеку, не нішчылі, каб не забіралі ў яго дзетак апошняга куска. Аднак дарма! І збожжа, і рэчы цяпер у гміне, а самога пакрыўджанага Багданчука цягаюць цяпер яшчэ за “абразу ўлады”. Ужо ад пракурора ёсць паперка, што Багданчука будзе судзіць Акружны Суд, і прапануюць яму паставіць сведкаў ад сябе і наняць адваката. Але беднаму сляпому няма за што. Ён пачарнеў ад голаду, апусціў рукі і без надзеі жджэ, каб хоць хутчэй крапіўка вырасла, а на розныя папяровыя “всказувкі” і тэрміны не звяртае увагі. Хай будзе, што будзе!”.