Читать «Беларуская Беласточчына» онлайн - страница 5

Сяргей Чыгрын

Сярод выяўленых казанскіх дакументаў ёсць і цікавая выпіска з загада № 91 рэктара Казанскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга медыцынскага інстытута імя С.В.Курашова ад 19 мая 1967 года. У ёй гаворыцца, што ў “сувязі з 70-годдзем і 45-годдзем педагагічнай дзейнасці, з якіх 35 гадоў аддадзена падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў у стаматалагічным і медыцынскім інстытутах Казані, за бездакорную творчую працу, чулыя і прынцыповыя адносіны да студэнтаў старшаму выкладчыку У.В.Чаржынскаму аб’явіць падзяку з занясеннем у асабістую справу. Падстава: прапанова заг.кафедры К.Л.Раскіна. Рэктар інстытута — прафесар Х.Хамітаў”. Дарэчы, у той час у Казанскіх медыцынскіх навучальных установах працавала вельмі многа ураджэнцаў Беларусі, асабліва шмат было яўрэяў. Той самы Канэль Раскін быў родам з-пад Оршы, Ісак Алуф быў родам з Полацка і іншыя. Магчыма, дзякуючы іх дапамозе, Уладыслаў Чаржынскі ў 1930-х гадах і ўлаткаваўся на працу ў Казанскі медінстытут.

У чэрвені 1971 года наш зямляк напісаў на імя рэктара заяву “вызваліць яго ад займаемай пасады ў сувязі з уходам на пенсію”. Тым больш, што яму ўжо было тады 74 гады. Рэктар задаволіў просьбу Чаржынскага.

У Казані Уладыслаў Чаржынскі пражыў яшчэ тры гады і 2 красавіка 1974 года яго не стала. Пахаваны ён у гэтым горадзе на Арскіх могілках.

Янка Купала і Уладыслаў Чаржынскі

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску захоўваюцца купалаўскія запісы (адз. зах. 459-461) маскоўскіх і казанскіх тэлефонаў і адрасоў асоб, з якімі паэт быў звязаны па службовых і асабістых справах. Сярод адрасоў Казані знаходжу і каардынаты Чаржынскага: “Чаржынскі. Держинского, 15, кв.8”. У лістападзе 1941 года Янка Купала прыехаў у Татарстан і пасяліўся разам з Уладыславай Францаўнай непадалёку ад Казані ў пасёлку Пячышчы ў дырэктара мельзавода І.Я.Наякшына. Тут ён жыў і час ад часу наведваў Казань, дзе спыняўся ў гасцініцы “Татарстан”. З Наякшынымі Купала шчыра сябраваў, яны разам нават сустракалі новы 1942 год на кватэры Юдзіных у г. Верхнім Услоне.