Читать «Беларуская Беласточчына» онлайн
Сяргей Чыгрын
Сяргей Чыгрын
БЕЛАРУСКАЯ БЕЛАСТОЧЧЫНА
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, Беларуская Беласточчына. Гісторыка-краязнаўчыя і літаратурныя артыкулы, — Мінск: Кнігазбор, 2008. — 000 с.
Беласточчына і беларускі рух
Беларускі рух на Беласточчыне пачаў існаваць ужо ў другой палове ХІХ стагоддзя. Тут нелегальна выдавалася „Гутарка двух суседаў”, першы нумар якой выйшаў вясною 1861 года. Гэтае вершаванае выданне разыходзілася галоўным чынам на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Ініцыятарам выдавання „Гутаркі двух суседаў” быў Браніслаў Шварцэ, а рэдагавалі яе Адольф Белакоз ды Ігнат Грынявіцкі. Магчыма, што ў падпольнай друкарні на Беласточчыне выдавалася „Мужыцкая праўда”, першы нумар якой убачыў свет у чэрвені 1862 года. Выдаваў яе ўраджэнец Мастаўлянаў Кастусь Каліноўскі пад псеўданімам Яська гаспадар з-пад Вільні.
Калі ў пачатку ХХ стагоддзя з’явіліся першыя беларускія палітычныя арганізацыі, то ў ліку іх дзеячаў апынуліся студэнты-выхадцы з Беласточчыны. Дзеячам Беларускай сацыялістычнай грамады ў Пецярбургу быў студэнт з Кленік Бельскага павета Яўген Хлябцэвіч. Актыўна ўключыўся ён у беларускі нацыянальна-вызвольны рух, падтрымліваў цесныя сувязі з рэдакцыямі беларускіх газет „Наша доля” і „Наша ніва”, куды дасылаў свае допісы, многія з іх падпісваў псеўданімам Халімон з-пад пушчы. У той час на старонках „Нашай нівы” свае вершы друкавалі Сцяпан Пятэльскі (пад псеўданімам М. Арол) з Гарадка і Іван Дарашкевіч (Янук Д.) з суседніх Меляшкоў.
Першая сусветная вайна і ў яе выніку бежанства 1915 года выгналі беларусаў у глыб Расіі. Беласточчына на некалькі гадоў стала пустыняй. Аднак расцярушаныя па тадышняй Расіі беластоцкія бежанцы ўдзельнічалі ў станаўленні незалежнай Беларусі. Мікола Дзямідаў і згаданы Сцяпан Пятэльскі дзейнічалі ў беларускім вайсковым руху. Ураджэнец Сакольшчыны Язэп Варонка ў канцы 1917 года быў абраны камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады, актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда. А ў лютым 1918 года стаў старшынёй Народнага сакратарыята Беларусі і народным сакратаром замежных спраў. Язэп Варонка быў адным з арганізатараў і ініцыятараў абвешчанай 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі. Ураджэнец Сакольшчыны Янка Чарапук у 1918 годзе таксама актыўна ўключыўся ў справы БНР. З канца 1919 года працаваў сакратаром Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, быў сябрам беларускай калоніі ў Латвіі, дыпламатычным кур’ерам пры ўрадзе БНР.
Пасля Рыжскага мірнага дагавору 1921 года ўраджэнцы Беласточчыны служылі беларускай ідэі ў розных палітычных умовах: у савецкай напрыклад, Уладыслаў Чаржынскі, у Заходняй Беларусі (Станіслаў Грынкевіч, Язэп Дашута, Хведар Ільяшэвіч), ці на эміграцыі (Янка Геніюш). У часы Другой сусветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі беларускую дзейнасць у Беластоку вялі Уладзімір Тамашчык, Хведар Ільяшэвіч, Масей Сяднёў. У выніку ваенных падзей і пасляваеннай рэпатрыяцыі частка беларусаў Беласточчыны апынулася ў БССР (напрыклад, Пятрусь Макаль, Аляксей Карпюк, Яўген Міклашэўскі). Тыя, што засталіся на роднай Беласточчыне ў 1956 годзе, заснавалі Беларускае грамадска-культурнае таварыства і тыднёвік „Ніва”. Пасля 1989 года, калі Польшча стала дэмакратычнай краінай, узніклі новыя беларускія арганізацыі, выданні, радыё і тэлеперадачы.