Читать «У тую вясну...» онлайн - страница 9

Васіль Быкаў

- Мабыць жа, меў на тое падставу, - не ўтрымаўся я.

- Канешне, меў. У тым і справа. Але чэсны чалавек з чэснымі размовамі ня будзе таіцца, аглядвацца. Іншая справа, калі разгаворчыкі яшчэ тыя. Ну, але ў нас гэтая справа была адладжана - за вуглом мы таксама ўмелі слухаць, хоць тое і было болей складана. Дык вось, я сказаў, мы сігналілі. Пасьля першых аповесьцяў Быкава нават пачалі настойваць. Ну, ня тое, канешне, каб яго зарыштаваць - у той час арышты былі непапулярныя. Але каб хоць адлупцаваць як мае быць у друку. Не даць яму набыць антысавецкі капітал, з якім ён у Еўропе - герой. Праўда, тады яму толькі адзін “ЛіМ” добра ўлупіў - доказна, абгрунтавана, з бальшавіцкіх пазіцыяў.

- А, памятаю, - сказаў я. - Чытаў. Здаецца, артыкул называўся “Героі ці ахвяры лёсу”.

- Во-во. Здаецца, так.

- Дык гэта з вашай ініцыятывы? - не ўтрымаўся я, і Мікалай Іванавіч аж прыпыніўся.

- Не пытайся, малады чалавек болей, чым я кажу. Зразумела?

- Зразумела.

- Ну, во. Я і без таго вам у рот кладу. А вам трэба, каб яшчэ і разжоўваў?

- Не, канешне...

Падобна, ён аж зазлаваў, ці, можа, зрабіў такі выгляд. Мяне ён называў то на ты, то на вы - як калі. Я ж стараўся абыходзіцца з ім як мага болей ветліва. Мне было дужа цікава ўсё, што ён расказваў. Тым болей, што пра некаторыя справы ў Гародні я ўжо чуў, але болей з размоў, чутак, з друку. А гэты - сьведчыць з самых глыбіняў. Яшчэ тых глыбіняў-сутарэньняў.

- Дык вось, я сказаў - пачатак быў добры. Звычайна было так, калі на пачатку творчасьці маладому даць добры ўрок, дык яго выйдзе неблагі пісьменьнік. Так і рабілі, вопыт у гэтым сэнсе у нас быў багаты. А што - вазьміце С., Ч., П. Мы іх добра направілі ў самы патрэбны час, і - вось вынік. Выдатныя празаікі ва ўсіх адносінах: ідэйныя, партыйныя, народныя. А з Быкавым дапусьцілі прамашку. Я ўжо не кажу пра Карпюка...

“Але ж хто вы такі, - думаў я, - каб даваць гэткага кшталту ўрокі? Вы што - выдатны пісьменьнік, прафесар, акадэмік? Ці нават адказны работнік ЦК? Хто вам даў такое права? Тым болей заезджаму расейцу, чэкісту, што прыехаў сюды, каб змагацца з бандытызмам у Сапоцкінскім раёне. А дайшоў да таго, што ўзяў за абавязак выхоўваць беларускіх пісьменьнікаў”.

- Прабачце, а вы - таксама літаратар? - нясьмела папытаўся я.

- Я не літаратар, - амаль прастадушна адказаў Мікалай Іванавіч. - Але я чэкіст. Зноў жа, я - кандыдат навук.

- Якіх навук?

- Ну, юрыдычных. Думаеш, гэта мала? Гэта вельмі нават нямала. Бо я працаваў і вучыўся. Партыя вучыла.

- Зразумела, - сказаў, каб спыніць гэты паваротак у размове, які яўна не падабаўся Мікалаю Іванавічу.

- Учціце, я ў антысавецкай скіраванасьці гэтых іх аповесьцяў разьбіраўся лепш за некаторых рэдактараў, хоць бы і пісьменьнікаў. Я ўсё нутром адчуваў, бо нутро меў чэкісцкае. А тыя рэдактары па пяць разоў чыталі і нічога ня бачылі. Бо самі былі такія ж.