Читать «У тую вясну...» онлайн - страница 7

Васіль Быкаў

Ад публікатара. Тут ужо па праву героя сумнай гісторыі хачу ўзяць слова і зрабіць некаторыя заўвагі. Унесьці паразуменьне. Так, гэта быў я, Васіль Быкаў, публікатар гэтай дзіўнаватай працы. У час першага хрушчоўскага скарачэньня войска ў ліку іншых 500.000 я быў зволены з кадраў і прыехаў у Гродно,, дзе некалі жыў пасьля вайны. Невялічкая аднапакаёўка тады дасталася жончынай сястры, маладой дзяўчыне- студэнтцы, якая, пакуль Быкаў мацаваў абарону далёкаўсходніх рубяжоў, натуральна, выйшла замуж, нарадзіла дачушку і жыла ў маленькай, прыстасаванай кватэры непадалёк ад рэстарана “Нёман”.

Вот туды і прыехаў Быкаў. У адным пакоі паставілі другі ложак, сёстры неяк мірыліся з агульнай кухняй. Гаспадар працаваў у сумежнай з Мікалаем Іванавічам сістэме. Праз нейкі нядоўгі час стала зразумела, што мне трэба некуды ісьці, дзесьці шукаць кватэру - кватэры ж ад гарадскіх улад не дачакаешся. Аднойчы мой гаспадар і кажа: чуў, вызвалілася кватэра блізка ад вуліцы Алега Кашавога, чалавека, які там жыў, перавялі на працу ў Воранава, ці што. Так што пакуль ня позна - займай! Што самавольна - ня дрэйф, цяпер усе так робяць. Толькі ўпрыся. Будуць выганяць - стой, як абаронца Брэсцкай крэпасьці.

Што ж, угаворваць мяне не было патрэбы, так я і зрабіў. Увечары перанёс чамаданы. Ламаць дзьверы не спатрэбілася, у прабой быў уторкнуты іржавы замок без ключа. Але засоў знутры быў добры, моцны засоў. I я ім засунуў дзьверы.

Праўда, бліжэй да поўначы пачалі стукаць. I ціха, нясьмела, і нахабна. Нехта нават падаваў голас, называў сябе. Я маўчаў, не адгукаўся. Але і ня спаў. I так да раніцы. Раніцай трошкі заснуў, але разбудзіў мяне такі стук, што і мёртвы прачнуўся б. Патрабавалі адчыніць - то была міліцыя. I я адчыніў. Праўда, уваліліся ў пакой не міліцыянеры, а двое ў драпавых паліто, з імі дамаўпраў, якога я ўжо ведаў, як заходзіў у домакіраўніцтва наконт кватэры. Яны запатрабавалі дакументы. Я падаў дакументы. Агледзеўшы іх, запатрабавалі выкідвацца. - “Куды?”

- “Это не наше дело. Квартира принадлежит горжилуправлению, она уже занята”. Нешта ня надта ў тое верылася - у горжылупраўленьне.

Пасьля прыходзілі і яшчэ - і ўдзень, і ўначы... Стукалі, пагражалі. Стала зразумела, што мне тут ня ўседзець. Тады я пачаў шукаць прыватнае жыльлё, і пад Новы год зьехаў на Падгорную - у цесны катушок старой дамоўкі. Там ужо ад мяне адчапіліся.

Мы спыніліся на мокрай асфальтаванай дарожцы ў сасоньніку, мой спадарожнік, здаецца, нанова гатовы быў перажываць той даўні канфлікт з Быкавым. I яго я разумеў: па тым часе ўлезьці ў гэтую іх сакрэтную сетку - то, мабыць, было злачынства, якое, калі неяк абышлося дэмабілізаванаму Быкаву, дык то было шчасьце. Я ўжо ведаў, як гэтыя ўмелі помсьціць. Але пра тое - хай іншым разам.