Читать «У тую вясну...» онлайн - страница 4

Васіль Быкаў

- Аднавілі. Не было каму разьбірацца. Усё на хапок, абы для галачкі. Такое наша партыйнае кіраўніцтва.

- Хіба не разьбіраліся?

- Разьбіраліся... Вось ты мне скажы, чаму гэта ён усё жыцьцё ішоў уніз. Можа, па сьпіралі, але ўніз. А яму ж давяралі. Адразу пасьля інстытута паслалі ў Сапоцкінскі раён загадваць райана. Вялікая пасада. Дарэчы, я таксама быў там. Ну можа крыху пазьней за Карпюка, як яго ўжо адтуль папрасілі. Я прыехаў туды маленькім чалавекам, старшым сяржантам, танкістам. Але я рабіў, я чэсна ваяваў з бандытамі. А Сапоцкінскі раён, учці, тады быў самы бандыцкі... А я там атрымаў першую афіцэрскую зорачку...

- Чэкісцкую?

- Чэкісцкую, да. Улетку мяне ўжо ўзялі ва ўпраўленьне. А ён здрадзіў. Ён пачаў скардзіцца, пісаць у Менск, і яго адкамандзіравалі дырэктарам школы ў Ваўкавыск.

- Але няўжо здрадзіў? Ён жа пісаў, што ня мог пагадзіцца з метадамі калектывізацыі, - сказаў я. Па праўдзе, я пачаў ужо шкадаваць, што ўлез з гэтым чалавекам у размову, якая, адчуваў, прынясе мне мала задаваль- неньня. Але не хацелася і прыпыняць размову, тым болей, што ў ім штось набалела і карцела вырвацца.

Між тым у сталоўку ўжо ішлі людзі - па адным і групкамі; мы таксама паціху шпацыравалі да яе ганку.

- Пры чым тут метады! - пачаў прыкметна нерваваць чалавек. - Ме­тады, як і ўсюды. Як і раней, вядома, бальшавіцкія метады. Кулакам не спрыялі. З кулакамі паступалі жорстка - тое праўда. Але бедната была за нас. Вот тут сабака і зарыта - за каго быў Карпюк? Хаця ладна, калі хочаш - пасьля ужына пагуляем.

- Добра. Пагуляем, - пагадзіўся я.

Пасьля вячэры, як я сышоў з ганку сталовай, ён ужо чакаў мяне трохі зводдаль ад уваходу, Надвор’е было цудоўнае, першыя цёплыя дні лета, сонца ўжо закацілася за бор, на бярозах паблізу не варухалася ніводнае лісьцейка, так было ціха. Некаторыя з санаторыя пабрылі па дарожцы ў бок шашы, а мы завярнулі па-над сьцяной бору да недалёкай рэчкі.

- Толькі я хацеў папярэдзіць, - ціхмана зазначыў чалавек. - Тое, што я расказваю, не для перадачы. Ты разумеет?

- Ды ўжо ж, - сказаў я.

- Цябе як завуць?

Я назваў сваё імя і прозьвішча, сказаў, што працую ў газеце. Чалавек паморшчыўся сваім даволі абвялым тварам.

- Не люблю журналістаў.

- Ну што ж... Журналісты таксама розныя.

- Мяне можаш называць Мікалаем Іванавічам.

- Добра, - пакорліва сказаў я, у душы, аднак, усумніўшыся, ці сапраўды ён той, кім назваўся. Але, можа, гэта ў іх так прынята, у чэкістаў. Як, скажам, у журналістаў - заведзена падпісвацца псеўданімам. Хаця мне ўсё роўна, хто ён - хай будзе Мікалай Іванавіч.

- Дык вось Карпюк, - сказаў Мікалай Іванавіч і, прыпыніўшыся, азірнуўся. Ззаду за намі нікога блізка не было, і мы пайшлі далей. - Ён жа як трапіў у нашае поле зроку. Усё праз сваю дурасьць. Ужо будучы дырэктарам школы пад Ваўкавыскам, напісаў у ЦК КПСС пісьмо, што ў Беларусі няправільна праводзяцца нарыхтоўкі хлеба. Што дужа сьпяшаюцца з выкананьнем плана, ад таго страты.

- Дык праўда ж, - сказаў я.

Мікалай Іванавіч аж прыпыніўся, акінуў мяне дакорлівым позіркам, але не сказаў нічога на маю заўвагу.