Читать «Прынцэса з тусоўкі» онлайн - страница 3
Яўген Хвалей
Наперадзе, перад сталом Веранікі, — Андрэй Бабок і Каця Скакун. Антаніна Фёдараўна ведала: Андрэй, самы меншы ў класе, будзе сядзець сам не свой, панурыўшы галаву, абхапіўшы яе рукамі. Ён амаль заўсёды так рабіў, калі здаралася ў класе нейкая непрыемнасць. Хлопец ціхмяны, ён на уроках і перапынках трымаўся як бы наводшыбе. Заўсёды нешта думаў, не расслабляўся, здавалася, ні на хвіліну. Для аднакласнікаў Андрэй быў вучнем, які не разгінаў спіны, за што яны яго празвалі Спінозам (чулі, быў такі філосаф). Калі Пеця Карпук ці Сяргей Гарноська, «камчаткаўцы», як называлі іх у класе, маглі з апошняга стала — настаўніца, адвярнуўшыся, пісала на дошцы — падысці і даць пстрычку Антону Тарасевічу, які сядзеў за першым сталом, то Андрэй рэдка калі нават аглядаўся назад, да Веранікі. Ці рабіў гэта ў тым выпадку, калі не паспяваў нешта запісаць, бо да сваёй суседкі Каці Скакун, якая заўсёды «базарыла» з Тамарай Гога, што сядзела побач на паралельным радзе, звяртацца было дарэмна. Каця амаль ніколі не запісвала на уроках хатнія заданні, заўсёды пасля перапытвала ў сябровак у класе, а часцей па тэлефоне званіла каму-небудзь дамоў і даведвалася. Сяброўкі празвалі яе Кацькай-Званілай. Аж смешна стала Антаніне Фёдараўне, калі пачула аднойчы гэтую мянушку. Яе можна было смела даваць амаль кожнай дзяўчынцы. Усе яны, у каго дома ёсць тэлефон, любяць пагаманіць з сяброўкамі.
Ззаду, за сталом Веранікі, — стол Аляксея Булата і Насці Якімовіч. Аляксей, які меў кілаграмаў пад дзевяноста і рост метр восемдзесят пяць, — сучасны акселерат — мажны, з чырвонымі, нібы пасля маладога марозу, шчокамі, за што аднакласнікі клікалі яго «Піражком», мог не толькі на перапынку, але і сярод урока схадзіць у гастраном, зманіўшы настаўніку, часцей за ўсё маладому, купіць батон, кулёк цукерак. Потым, на наступным уроку, жаваў іх, дастаючы паціху з-пад стала. Здаралася, Насця, дзяўчына з тонкім пісклявым галаском, ускоквала з-за стала з батонам у руцэ, які яна выхоплівала ў Аляксея, піхала наперад Вераніцы Рагозінай ці Ірыне Лысёнак. Клас покатам клаўся ад рогату, і, лічы, урок быў сарваны. Доўга вучняў не ўдавалася ўтаймаваць. Праўда, пасля амаль усе прасілі ў настаўніка прабачэння, умольвалі не караць зачыншчыкаў беспарадку. Але кожны выкладчык рабіў па-свойму. Адзін дакладваў завучу ці дырэктару, іншы проста выганяў вінаватых з класа...
Чатыры рады сталоў — і за кожным амаль дарослы чалавек, часам са сваім дзівацтвам. Многае можна зразумець, але ў тое, што адбылося за апошні год у «С» класе, цяжка паверыць... Драма з Вадзімам Цэхановічам, і вось — трагедыя з Веранікай Рагозінай... Яна выспявала, нібы навальніца над борам. А можа, і не так? Навальніцы таксама бываюць розныя: іншая наляціць знячэўку, нібы каршун, захопіць сваім крылом, што не паспееш і схавацца ад абложнай залевы. Магчыма, аднакласнікі не ведалі пра трохкутнік: Вераніка—Вадзім—Таня. I ўсё ж у двух паралельных класах, «С», дзе вучыліся Вадзім і Вераніка, і «Е», у якім займалася Таня Касмылёва, не маглі не заўважать, як складваліся адносіны паміж імі.