Читать «Пяты этап» онлайн - страница 83

Сяргей Пясецкі

— Што ў пана здарылася? — спытаўся дзяжурны.

— Пане. на мяне напалі. на Палескай вуліцы. нехта ў чорнай скуранцы. хацеў забіць.

* * *

У пастарунак жандармерыі ўляцела кабеціна:

— Паночкі дарагія, ратуйце!.. Бандыты!.. Напалі на кватэру. стралялі. Забралі дачку.

* * *

Наладзілі моцную аблаву, праведзеную сумесна з усімі органамі грамадскай бяспекі. За цэнтральны аб’ект прынялі чыгуначны вакзал. Загадалі, што калі чалавек у чорнай скуранцы і белай, зімовай шапцы па першым загадзе не падыме рукі ўгору — страляць у яго. Сціскаўся ланцуг аблавы, кожны двор, кожны будынак уважліва патруляваўся.

Падзеі сённяшняга вечара ператварыліся ўжо ў легенду. Казалі штосьці пра банду, якая лютуе ў месте. Успаміналася прозвішча Мухі-Міхальскага.

Тым часам Забава хутка крочыў шашой наўзбоч вакзала. Месяц ужо ўзышоў высока. Хмары зніклі з неба і было даволі відна. Хутка рухаючыся наперад, Забава заўважыў сустрэчнага мінака.

— Рукі ўгору! — крыкнуў Забава, наблізіўшыся да яго на адлегласці ў некалькі крокаў.

— Пацалуй сабаку ў пысу! — адказаў сябар Забавы Казлоўскі, які разам з ім піў на электрастанцыі і гуляў на Слабодцы. Загад Забавы прыняў за таварыскі жарт і наблізіўся да яго.

— Чаму не ідзеш спаць, позна ужо? — папытаў Казлоўскі, і ўбачыўшы, што Забава вельмі дрэнна выглядае, узяў яго пад локаць і павёў у кватэру братоў Сноўскіх, якія ў той вечар дома не начавалі.

З цяжкасцю паклаў Забаву на ложак; адабраў рэвальвер і пакінуў яго на стале. Потым пайшоў дадому.

Цяжкі сон перарваў хваравітыя трызненні Забавы. У горадзе ж ланцуг аблавы зацягваўся ўсё шчыльней і шчыльней, пасоўваючыся ў кірунку чыгуначнага вакзала.

* * *

У той час, калі Забава, ахоплены хваравітымі мроямі, блукаў па вуліцах места, дыверсійная банда Аўдзея перайшла польскую мяжу на стаўпецкім адрэзку, кіруючыся на паўночны захад.

Было іх чатырнаццаць. Мелі кароткаствольную і доўгую агнястрэльную зброю, гранаты і адзін кулямёт. Іхнім заданнем было: тэрарызаваць польскую буржуазію на ўсходніх ускраінах Польшчы, рабіць напады на маёнткі, паліцэйскія пасты, цягнікі, вайсковыя аб’екты, а таксама весці акцыі сабатажу. Наогул мэтай была дыскрэдытацыя польскіх улад у вачах простых грамадзян.

А дзявятай увечары яны наблізіліся да хаты малазямельнага селяніна Галёшы. Пастукалі ў акно. Сказалі, што паліцыя. А калі ім адчынілі дзверы, уваліліся ўсярэдзіну як рабаўнікі, крычучы: «Рукі ўгору! Ні з месца! Хто зрушыцца, кулю ў лоб!» Ахопленыя жахам, жыхары хаціны ў беднай саматканай бялізне стаялі пасярэдзіне пакоя і дрыжалі са страху. А «грозныя бандыты» раўлі: «Давай грошы! Дзе ў цябе золата, срэбра, даляры, каштоўнасці?!» Аднак у хаце, дзе часта не хапала бульбы, насуперак старанна праведзенаму ператрусу, анічога каштоўнага не знайшлі. Забралі з сабой толькі боты, два старыя кажухі, сувой палатна, некалькі сыроў і боханаў хлеба.

Жонка Галёшы, кабеціна за сорак, стаяла басанож на глінянай падлозе. Рукі ўскінутыя ўгару. Адзін з дыверсантаў падышоў да жанчыны, і абхапіўшы яе, пацягнуў да ложка. Жанчына заплакала: