Читать «Пяты этап» онлайн - страница 65

Сяргей Пясецкі

Такое мяне раззлавала. Вырашыў яшчэ раз згуляць яму на нервах. Чакаў толькі выпадку. Неўзабаве заўважыў, што яму прыйшлі добрыя карты, бо зірнуўшы, кінуў іх на стол і запальваючы цыгарэту, сказаў нядбайна:

— Пікі. звычайныя...

— Чырва... звычайная... — выгукнуў я, туруючы ягонаму тону і той самай манерай запаліў цыгарэту.

Лізка зірнула на мяне і закусіла ніжнюю пунсовую губку.

— Сем пікі... — гэтак жа абыякава прамовіў Озімаў, гасячы запалку ў попельніцы.

Гледзячы Лізцы ў вочы, я падумаў: «Калі выйграю, дык споўніцца... напэўна!», і сходу падхапіў:

— Дзевяць пікі!

— Як? — спытаў здзіўлены Озімаў.

— Дзевяць пікі! — паўтарыў я.

— Уцёмную?

— Угум...

Лізка пырснула смехам.

Озімаў сабраў са стала свае карты. Доўга іх вывучаў, кратаючы ў паветры пальцамі правай рукі, і, нарэшце, вымавіў урачыста:

— Дзевяць крэстовых!

— Гуляю! — адразу сказаў я.

— Пас-с-с! — засычэў Озімаў.

Я адкрыў карты. Меў слабую карту — блефаваў. Адкуль прыдбаць яшчэ адну ўзятку? Адкрыў «прыкуп» і ўбачыў, што мне пашанцавала.

Лізка біла ў ладкі і весела смяялася. Озімаў пачырванеў ад злосці, найперш таму, што я не даў яму гуляць (а таксама меў добрыя карты); па-другое таму, што не толькі — як спадзяваўся — я не ўляцеў, але яшчэ гэтак добра выйграў «уцёмную», што значна паправіла маю гульню; па-трэцяе, злавала яго Лізкіна радасць, выяўленая гэтак гучна за мой выйгрыш.

Канчаткова я падняўся з-за стала прайграным, але здаволеным. Зразумеў толькі, што ў Озімаве прыдбаў ворага, які не ўпусціць найменшага выпадку, каб мне нашкодзіць — холадна, разважліва, па ўсіх правілах «тактыкі».

Калі развітваўся з Брагінымі, каб пайсці ў свой пакой да спадарыні Жарскай, Лізка асабліва моцна паціснула мне руку. «Можа, гэта таксама тактыка. жаночая», — падумаў, адказваючы ёй моцным поціскам.

Назаўтра пайшоў да спадарыні Двалінскай. Мела вельмі сумны выгляд.

— Пан неяк змяніўся — сказала, прывітаўшыся са мной.

— З чаго пані зрабіла гэткую выснову?

— Так. Я гэта адчуваю.

Абгаварылі справу яе выезду, пра які распачала захады.

— Не ведаю, што з таго атрымаецца, — казала спадарыня Ядвіга. — Патрабуюць шмат дакументаў, а я нічога не маю. Усё загінула падчас пажару.

Я імкнуўся развесяліць спадарыню Ядвігу; распавядаючы пра жыццё ў Польшчы, памалу падняў ёй настрой.

— Няхай пані не хвалюецца, — сказаў я. — Калі не атрымаецца выехаць легальна, тады правяду пані праз «зялёную мяжу».

— Было б добра, — адказала спадарыня Ядвіга — толькі як вось Андзя?

— Калі прыйдзецца, дык і Андзю перанясём, — сказаў ёй. — Зрэшты, маем на гэта час.

Я катэгарычна забараніў ёй дапамагаць мне, да чаго яна зноўку выказала ахвоту. Сказаў, што ў мяне надзейныя крыніцы і пакуль што нічога не патрабую. Даручыў толькі трымаць сталы кантакт з чэкістам, якому прынёс какаін і якога намерваўся выкарыстаць у будучым як інфарматара. Пакуль што прасіў, каб па-ранейшаму купляла для мяне і камплектавала пэўную карэспандэнцыю, якую забіраў з сабой у Польшчу.

Гаспадар Юзаф дапамог мне скласці дакументы ў пакет. Меў я тры вялікія партрэты: Леніна, Троцкага і Луначарскага. Каб па дарозе яны не згамталіся, накруцілі іх на гладкі кій і ў некалькіх месцах абклеілі паперай.