Читать «Пяты этап» онлайн - страница 20

Сяргей Пясецкі

А жаўнеры далей спявалі з жарсцю, якая выклікала ў іх «мілка-ўмілаваная», калі з’яўлялася на вуліцы:

Збеглі свінні, качкі, куры, І мароз бяжыць па скуры. Коні ўсталі на дыбкі, Лаюць коней вазакі. Квокчуць куры, крэкчуць качкі, Брэшуць злосныя сабачкі.

Злева ад Забавы сядзеў армянін, які пры пэўных рэфрэнах песенькі гучна пляскаў далонямі па каленах і манерна голасна смяяўся:

— А-ха-ха-ха! Ма-а-ла-дзец!.. Нават коні!.. ха-ха-ха!.. Яшка! — крыкнуў у наступнае купэ, дзе ехаў «хор» і дзе меў кагосьці знаёмага. — А заспявайце ну, наш адэскі «Чайнік»!

— Добра!

І неўзабаве хор заспяваў «Чайнік». Пасля першай, запеўнай страфы надышла чарга другой, якую «ўсходні чалавек» успрыняў з асаблівым захапленнем, падпяваючы, свішчучы, цмокаючы вуснамі і б’ючы ў ладкі. Армянін тупаў у такт песенькі, жудасна вырачваў вочы і па-змоўніцку падміргваў да развяселеных пасажыраў, нібы прапаноўваючы ім далучыцца да ягонага захаплення.

Браў цябе я босай, Голай, безвалосай, Паламанай браў І рамантаваў... Ца-ца! Браў табе фальбоны, З шоўку панталоны, І парык купіў, Трырублі прапіў... Ца-ца! Ты маю маліну Ела з кіслай мінай, Хоць купіў не танныя Чаравікі «танга» я... Ца-ца! Блузка вышываная, А спадніца тканая, Дзе для гэткай модніцы Гэткі дурань знойдзецца?.. Ца-ца!

У Жлобіне зайшоў чыгуначны кантроль — ЧК. Праверылі дакументы. Тры чэкісты абыходзілі купэ. Адзін браў дакументы і падаваў таварышам да прагляду. Тыя ўважліва глядзелі кожны дакумент, а некаторыя паперкі, сумнеўныя, нават глядзелі на святло. Калі прыйшла чарга Забавы, нядбайна падаў дакументы чэкісту. Той іх прагледзеў.

— Чаму вы, — звярнуўся да Забавы, — будучы сталым жыхаром Масквы, маеце ўліковую картку са смаленскага ваенкамата?

— Працоўная кніжка выдадзена мне была у 21-м годзе, а ўліковая картка ў 22-м. У маі гэтага года я выехаў на службу ў Смаленск як манцёр і тамака прымацаваўся ў ваенкамаце.

— Угум. — невыразна буркнуў чэкіст, беручы да праверкі дакументы ў наступных.

Забава заўважыў, што ў жаўнераў дакументы праглядаліся вельмі нядбайна. Затое дакументы цывільных падлягалі падрабязнаму агляду і вывучэнню. Аднаго цывільнага арыштавалі. Карыстаўся пасведчаннем, выдадзеным з валіспалкама, пячатка якога была вельмі невыразнай.

«Лепш за ўсё ездзіць у вайсковай форме», — падумаў Забава.

Хор спяваў далей:

Троцкігэта вам не збродня, Лёва Троцкігэта франт: Галіфэ ён носіць сподняе І на імчырвоны бант!

Насупраць армяніна сядзеў малодшы камандзір з двума чырвонымі трыкутнікамі на рукаве. Вялі «палітычную» гутарку. Уласна гэта была не гутарка, бо гаварыў толькі малодшы камандзір, а армянін хітаў галавой і падтакваў яму. Відаць было, што ўсходняму чалавеку вельмі хочацца спаць, што гутарка жахліва яму надакучыла, але малодшы камандзір не ўлоўліваў тое і азартна выгалошваў: