Читать «Шчарбаты талер» онлайн - страница 6

Андрэй Федарэнка

— Я не хачу абараняць Аксану,— пакашляўшы, адважыўся ўступіць у дыялог бацька,— але фантазіі звычайна ўласцівыя ўсім здаровым дзецям...

— Асабліва калі пад фантазіямі разумець запіскі настаўнікам аб выкраданні іхніх дзяцей. Або званкі ў школу, што школа замініраваная.

— Хіба? — ускінуўся бацька.

— Вось бачыце, вы нават мала здзівіліся. На шчасце, такіх званкоў пакуль не было. Але калі б такі званок, не дай Бог, здарыўся — паверце, у першую чаргу ўспомнілі б пра вашую дачку.

— Што ж, мне яе забіць? — прамовіў раптам бацька, з такой стараннасцю выціраючы шкельцы акуляраў, што пад ім зарыпела крэсла.

— Не зразумеў,— падняў бровы завуч.

— Нічога, гэта я так... Кажу, я згодзен з вамі.

Завуч памаўчаў.

— Вы не спяшаецеся? — спытаў ён.

Бацька зірнуў на гадзіннік. Да аўтобуса яшчэ было часу.

— Не, я вас слухаю, Андрэй Адамавіч.

— Цудоўна. Дык вось, я даўно збіраўся пагаварыць з вамі, як цяпер, сам­насам, ды ўсё неяк не выпадала. Разумею, што, магчыма, закрану тэму, якая непрыемная вам,— завуч паспрабаваў пальцам вастрыё алоўка,— але прашу зразумець і мяне: я не чужы чалавек, а педагог, таму пэўная доля адказнасці за паводзіны і выхаванне вашай дачкі кладзецца і на мяне таксама. Зрэшты, вы маеце поўнае права не адказваць, калі я закрану якіясьці далікатныя моманты вашага асабістага жыцця.

— Калі ласка, я вас уважліва слухаю.

— Як даўно вы развяліся з жонкаю — Аксанінаю маці?

— Пяць гадоў назад.

— Так... Выходзіць, практычна з першага класа, усе свае школьныя гады дзяўчынка без жаночай увагі.

Крэсла пад бацькам зноў жаласліва зарыпела.

— Як правіла дзеці з няпоўных сем'яў пакутуюць або ад недахопу ўвагі да іх, або ад залішняй увагі, калі іх занадта шкадуюць і песцяць,— разважаў далей Андрэй Адамавіч, не заўважаючы, што твар бацькаў мяняецца, з вінавата­ветлівага робіцца ўсё больш панурым.— Іншымі словамі, такія дзеці бываюць разбэшчанымі.

— І да якога з гэтых двух варыянтаў вы адносіце Аксану?

— Вось гэта мы зараз і высветлім. Вы, калі не памыляюся, археолаг?