Читать «Шчарбаты талер» онлайн - страница 126
Андрэй Федарэнка
Тут ляжала калодка, на якой калолі дровы. Я садзіўся на яе, глядзеў на рабінку, курыў, думаў. Калі-нікалі з вуліцы да плота падкульгваў пастарэлы дзядзька Ігнат; мы размаўлялі, прычым дзядзька пазіраў на рабіну з асуджэннем. Відаць, шкадаваў, што ўжо не мае ўлады ды і сілы, каб вырваць, як дубкі некалі, ці ссячы гэтае пустое, непатрэбнае, на яго думку, дрэва.
Аднойчы, у пачатку гэтага лета, прыехаўшы чарговы раз у вёску і падыходзячы да сваёй хаты, я не ўбачыў над плотам знаёмых галін з рэдкімі лісцікамі. Дрэва сіратліва ляжала на зямлі, вывернутае, з кавалкам дзёрну на каранях. Як расказала маці, нядаўна быў страшэнны вецер — «цэлы буран!», паваліла плот, ён упаў на рабіну, вывернуў яе з зямлі. Плот паправілі, а дрэўца — каму яно трэба?..
Балюча было глядзець. «Вось яшчэ адна смерць істоты, што нарадзілася пазней за мяне, а памерла раней», — падумалася мне.
V
У канцы лета я зноў наведаўся ў вёску, проста так, напярод сумуючы, падаўся ў свой куток двара і ахнуў. Я не паверыў сваім вачам.
Рабіна мая ляжала, як і ляжала, на зямлі. Але яна была ўся чырвоная, уся — на кожнай галінцы — абсыпаная гронкамі буйных, яркіх, сакавітых нават на выгляд ягад. На ёй не было ніводнага лісціка. Усе сокі, што змагла выцягнуць з таго кавалка дзёрну каля каранёў і сама з сябе, ахвяруючы лісцем, рабіна пусціла на ягады.
Яна ляжала — чырвоная на маладой атаве — і свяцілася затоеным гонарам, што выжыла, што змагла ўрэшце даць багаты плод — усё, што яна магла даць; і глядзела на мяне з лёгкім дакорам: чаму не паверыў ёй, нашто пахаваў раней часу?..
Я падчысціў, паглыбіў рыдлёўкай старую яму. Паклаў на дно гліны, гною. Падняў сваё дрэва, устанавіў і зноў падвязаў яго да плота. Прынёс два вядры вады і паліў.
I цяпер я чамусьці ўпэўнены, што мая рабіна выжыве. Прымецца зноў, і будзе жыць да таго часу, пакуль будзе ведаць, што ў свеце ёсць хоць адзін чалавек, каму яна патрэбна, які хоць зрэдку ўспамінае і клапоціцца пра яе, для каго ёй варта жыць.